Як упрасіць Бога зрабіць… тое, што я хачу?

«Будзь воля Твая» — прамаўляем мы штодня ў малітве. Не раз, аднак, аддалі б перавагу, каб Бог зрабіў так, як хочацца нам. І як жа яго пераканаць? Як зрабіць, каб наша малітва была пачутая па нашым жаданні?

У апошні час стала шмат такіх «рэцэптаў». Эфектыўная малітва ў той ці іншай справе, дзейсны заступнік (святы), які ўсё «забяспечыць» перад Богам, чаго хочам. Чытаючы гэтыя парады, я часам маю ўражанне, што яны мяжуюць з магічным мысленнем. Што вось я вымавіў заклён (такую ці іншую малітву, папрашу аб заступніцтве таго ці іншага святога), і справа будзе вырашана. Ну, а калі не атрымаецца, то — нуль разважанняў аб волі Божай, давай далей шукаць нейкага наступнага, лепшага і больш дзейнага спосабу.

У маіх адчуваннях, гэта набожнасць вельмі нездаровая, нават здзеклівая ў адносінах да Бога. Наогул кажучы, па волі Божай існуюць сем крыніц ласкі. Гэта сем сакрамэнтаў, якія безумоўна даюць таму, хто іх прымае, звязаныя з імі духоўныя даброты. Хрост ачышчае ад граху, перш за ўсё першароднага, і робіць дзіцем Божым, канфірмацыя дае Святога Духа, у Эўхарыстыі да нас прыходзіць сам Хрыстос, у сакрамэнце пакаяння і паяднання нам адпускаюцца грахі, у намашчэнні хворых Хрыстос умацоўвае тых, хто пакутуе; сакрамэнт святарства дае ўладу прыносіць Бога на зямлю ў Эўхарыстыі, сакрамэнт шлюбу робіць людзей здольнымі выканаць абавязацельствы, узятыя падчас шлюбу. У выпадку сакрамэнтаў яшчэ застаецца патрэба супрацоўнічаць з Божай ласкай, без якой яны здаюцца нам мёртвымі (здаюцца, таму што ісціну ведае толькі Бог) — ласкай, якая дадзена нам бясплатна. Тым больш без такога супрацоўніцтва не спрацуе ні адзін іншы «спосаб выкарыстоўваць Бога». Дзевяць першых пятніц месяца не дадуць выратавання чалавеку, які выконвае іх толькі для таго, каб «паставіць галачку» ў гэтай «справе з Богам». Пампейская Навэнна — факт, вельмі цяжкая ў выкананні — нічога не дасць, калі Бог, які бачыць рэўнасць і гатоўнасць таго, хто моліцца да ахвярнасці, не захоча выслухаць гэтую просьбу, складзеную па чалавечай думцы.

Бо малітва, вера — гэта сустрэча з Богам, які з’яўляецца Асобай. З усёй складанасці адносін, якія з гэтага выцякаюць. Мы ведаем сваё, але Бог бачыць шырэй і далей. Убачыўшы просьбы і слёзы, можа свае планы змяніць. Хоць бы таму, што пабачыць у гэтай сітуацыі больш дабра. Але думкі, што хопіць «пакруціць малітоўны барабан», і Бог будзе вымушаны рабіць тое, чаго мы хочам, — гэта спроба атрымаць над Ім уладу. Гэта значыць — грэх супраць першай запаведзі.

Анджэй Мацура, wiara.pl

для друку для друку