Як (не) трэба спавядацца. Парады езуіта

Часам прасцей растлумачыць з’яву, сказаўшы, што гэта не так. Айцец-езуіт Роберт Вавер на сайце Варшаўскага санктуарыя Маці Божай Вастрабрамскай тлумачыць, што з’яўляецца споведдзю.

Не бойся, дзіця

Сакрамант пакаяння і прымірэння — гэта сустрэча з любячым Богам, які даруе нам нашы грахі. Гэта аздараўленне душы і прыгода станаўлення ў праўдзе, якая вызваляе нас і вучыць пакоры і любові. Не мае значэння, наколькі дрэннымі мы з’яўляемся, у чым хочам прызнацца, ці як даўно не былі ў споведзі.

Ідучы да канфесіяналу, мы не павінны баяцца, што Бог не даруе нам самых цяжкіх грахоў, што на гэта не заслужылі. Наш Айцец хоча, каб мы спачатку справядліва асудзілі нашы дзеянні, думкі і занядбанні перад Яго абліччам, а потым прынялі Яго міласэрнае прабачэнне. Споведзь не для таго, каб Бог ведаў ад нас, што дрэннага мы зрабілі. Ён ужо гэта ведае. Падчас споведзі мы можам сказаць, што нам шкада і даведацца, што, нягледзячы на ​​ўсе нашы грахі, Ён хоча быць з намі.

У прынцыпе, усё ОК

Мы не спавядаемся з праблем, якія ствараюць для нас іншыя людзі, або з чужых грахоў — за выключэннем таго, што мы падштурхнулі да іх. Таксама не спавядаемся са спакус і нячыстых думак, уяўленняў, успамін, эмоцый — калі толькі мы не здаліся ім ці не спакусіліся. Гэтак жа і з рассейваннем увагі на малітве і Імшы.

Сумненні ў веры таксама не грэх, калі мы не занядбоўваем пазнаванне веры розумам. Мы не спавядаемся з таго, што нам прыснілася.

У споведзі мы не кажам, што робім дабро і што мы, як правіла, добрыя людзі. Калі ў нас складаная жыццёвая сітуацыя — мы не звяртаемся за кансультацыяй і прафесійнай падтрымкай да духоўніка. У гэтым лепш дапамогуць людзі, якія нас лепш ведаюць або з’яўляюцца спецыялістамі ў гэтай галіне, напрыклад, сям’я, знаёмыя, лекары, тэрапеўты.

І, нарэшце

Каб паспавядацца, патрэбны святар. Аднак не ён з’яўляецца асобай на першым плане. Натуральны сорам за нашы грахі і слабасці не павінен выклікаць страху. Айцец Роберт раіць практыкаваць сорам як частку пакуты за нашы грахі.

Пазбягайце абагульненняў, напрыклад, «зграшыў супраць запаведзяў 1, 4 і 9» або «прызнаюся ў граху ляноты і гневу» або «прапусціў святую Імшу». Грэх трэба называць па імені. Апішыце канкрэтныя сітуацыі, у якіх зграшылі — у прыватнасці, цяжкі грэх. Тады спаведнік будзе добра ведаць, пра што гаворыцца, і зможа даць адпаведныя парады. Аднак не спавядайцеся скрупулёзна, пазбягайце празмерна падрабязных апісанняў.

На споведзі не спрабуйце «схаваць» самы ганебны грэх цьмяным словам або так, каб не звярнуць на яго ўвагі. Зусім наадварот! Варта адзначыць, «гэта мая самая вялікая праблема» ці «мне больш за ўсё сорамна за гэты грэх».

Мы таксама не кажам: «можа, я быў нецярплівы», «можа, каго пакрыўдзіў». Гэта патрабуе лепшай падрыхтоўкі да споведзі і больш глыбокага вывучэння сумлення. Або я быў нецярплівы ў пэўнай сітуацыі, або не называю гэты грэх па імені «на ўсялякі выпадак».

Нават калі адзін грэх наносіць шкоду нашаму сумленню, нягледзячы ні на што, мы робім рахунак сумлення з усяго духоўнага жыцця. Адзін грэх, нават вельмі сур’ёзны, гэта не ўсё наша жыццё.

Рахунак сумлення трэба рабіць перад споведдзю, а не падчас яе. Аднак не бойцеся спытаць у духоўнага айца тое, што вам незразумела. Не будзем недаацэньваць сумневы.

Грахі «неадпушчаныя»?

Давайце не будзем прызнавацца ў «грахах пакаленняў», бо адзіны грэх, які перадаецца з пакалення ў пакаленне, — гэта першародны, які адпускаецца падчас хросту. Таксама не трэба спавядацца ў грахах, якія ўжо вызнавалі на споведзі раней і былі нам адпушчаны.

«Святая споведзь — гэта не ачышчэнне ад негатыўных успамінаў, не гумка для сцірання напісанага алоўкам. Наступствы грахоў, якія мы вызналі, могуць працягвацца ўсё жыццё. Трэба пакаяцца, а не спавядацца з іх зноў», — раіць езуіт.

Мы не спавядаемся з блюзнерства супраць Духа Святога, «якое ніколі не будзе даравана». Гэта грэх вечнага адмаўлення ад Божай любові, які ўчынілі паўшыя анёлы. Толькі істоты, якія маюць вольную волю і існуюць па-за часам, могуць вечна адмовіцца ў служэнні Богу, а чалавек не ў стане зрабіць выбар на цэлую вечнасць. Касцёл атрымаў уладу дараваць усе грахі, здзейсненыя чалавекам.

Пераклад Марыны Сінкевіч з сайта Aleteia

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі