Як матываваць дзіця наведваць катэхезу?

Выхаванне дзіцяці – складаная справа, якая патрабуе шмат часу. Пры гэтым вельмі важна не забываць, што акрамя фізічнага і інтэлектуальнага выхавання ёсць яшчэ духоўнае.

Тут трапнымі будуць словы кс. Марэка Дзевецкага, спецыяліста ў галіне псіхалогіі: “Духоўнасць – гэта здольнасць чалавека зразумець уласную таямніцу. Толькі духоўная асоба можа свядома кіраваць сваім жыццём. Таму няма вольнасці без духоўнасці”.

У наш час вельмі цяжка ўявіць духоўнае выхаванне чалавека без яго ўдзелу ў катэхезе. Прытым самая вялікая праблема сучасных бацькоў – як матываваць дзіця да гэтага? Вядома, найлепшым спосабам выхавання з’яўляецца ўласны прыклад. Ці значыць гэта, што бацькі павінны самі хадзіць на катэхезу?

Перш за ўсё, важна разумець значэнне катэхізацыі, якая не абмяжоўваецца толькі падрыхтоўкай да першай споведзі. Тыя бацькі, якія хадзілі на ўрокі рэлігіі ў дзяцінстве, лепш гэта зразумеюць і, вядома, у большасці выпадкаў будуць клапаціцца пра тое, каб іх сын ці дачка таксама ўдзельнічалі ў катэхезе ў школьныя гады. Дзіцяці патрэбна яснае ўсведамленне важнасці рэлігійных заняткаў, г. зн. духоўнага развіцця. Пра такое развіццё павінны клапаціцца менавіта бацькі, і толькі яны нясуць адказнасць за выхаванне сваіх дзяцей – добрае выхаванне. А Касцёл, у сваю чаргу, прыкладвае ўсе намаганні, каб і бацькі, і дзеці мелі магчымасць рэлігійнай адукацыі.

Сёння пры кожнай парафіі арганізавана катэхеза, таму доступ да духоўнага навучання ёсць. Існуюць розныя моўныя групы, класы, гурткі з магчымасцю развіцця талентаў дзіцяці. Ёсць добрая каманда катэхетаў і выхавацеляў. Застаецца толькі адно: каб дзіця апынулася за катэхетычнай партай.

Безумоўна, важна, каб катэхет таксама пастараўся зацікавіць дзіця, знайшоў падыход да кожнага вучня. Сёння недастаткова проста стаяць і расказваць пэўную праўду веры, трэба выкарыстоўваць розныя метады і спосабы перадачы Евангелля.

Бацькі ж са свайго боку павінны падштурхоўваць дзіця да наведвання катэхетычных заняткаў. Варта займацца і ўласным духоўным выхаваннем: напрыклад, хадзіць разам з дзіцём на св. Імшу, да споведзі, супольна маліцца. Але сёння гэтага недастаткова. Неабходна размаўляць на рэлігійныя тэмы дома, тлумачыць дзіцяці, што быць духоўна выхаваным чалавекам вельмі важна. Добра пазнаёміць сына ці дачку з аднагодкамі, якія цікавяцца ўрокамі рэлігіі і сістэматычна наведваюць касцёл. Такім чынам дзіця будзе мець годны прыклад для пераймання.

Непажадана дапускаць, каб катэхеза ўспрымалася толькі як урок, дзе адбываецца праверка, выстаўляецца адзнака і г. д. Часта ўрок можа атаясамліваецца са школай, з тымі прадметамі, якія не заўсёды падабаюцца. Катэхетычныя заняткі павінны ўспрымацца, перш за ўсё, як магчымасць пазнання Таго, хто цябе любіць, самога Бога, які з’яўляецца Айцом. Духоўнае выхаванне – гэта не толькі навучанне, але і час, каб адпачыць з Богам. Напрыклад, дзецям вельмі падабаюцца “Канікулы з Богам”, дзе яны гуляюць са сваімі аднагодкамі, адпачываюць, але і шмат даведваюцца пра Усемагутнага і створаны Ім свет.

Будзе памылкай падманвацца, тлумачачы сабе і ўсім, што калі дзіця вырасце, само пачне выбіраць, ці трэба яму ісці да споведзі або ў касцёл. Да таго часу яно ўжо можа страціць дар жыцця. Шчаслівыя дзеці, якія бачаць, як бацькі клапоцяцца пра іх рэлігійнае выхаванне і пазнанне Бога. Дарагія Бацькі, штодня маліцеся за сваіх сыноў і дачок і за іх будучыню!

Кс. Павел Салабуда, Слова Жыцця

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі