Як казаць пра смерць дзецям?

У перыяд свята Усіх памерлых вернікі наведваюць могілкі, прыбіраюць іх і моляцца за памерлых. У некаторых маладых бацькоў узнікаюць пытанні адносна таго, ці браць на могілкі дзяцей і што ўвогуле казаць ім пра смерць блізкіх? На гэтую тэму мы папрасілі паразважаць пробашча браслаўскай парафіі кс. Станіслава Мжыглуда SDS.

 ‒ Сямейнае перажыванне ўрачыстасці Усіх святых, якая набліжаецца ў Каталіцкім Касцёле, а пасля яе ўспаміну Усіх памерлых вернікаў дае дзецям некалькі нагодаў задаваць пытанні пра смерць і тое, што адбываецца з памерлымі.

 Вельмі часта бацькі бянтэжацца дзіцячымі пытаннямі, не зусім ведаючы, што ім адказаць.

 Некаторыя распавядаюць дзецям непасрэдна пра смерць, магілу і канец жыцця. Іншыя лічаць гэта брутальным. Аднак, спрабуючы сказаць наадварот, можна паддацца спакусе схлусіць. Адказ жа першага тыпу ‒ жорсткі ‒ можа напалохаць дзіця.

 Дзіця не хоча паміраць, не хоча, каб яго жыццё калісьці скончылася. Другі тып адказу не зусім праўдзівы, напрыклад, калі кажуць, што любімы чалавек толькі заснуў. Паняцце сну прымусіць дзіця чакаць, калі памерлы прачнецца, і тым самым дасць ілжывую надзею. Хутка ён расчаруецца і прыйдзе да высновы, што яму схлусілі ў важным пытанні. Ён даведаецца праўду ад сваіх аднагодкаў, братоў і сясцёр, а яго давер да бацькоў зменшыцца.

 Якім павінна быць выйсце з сітуацыі? Яно змешчана ў Евангеллі. У гэтай Добрай Навіне мы заўсёды чытаем пра смерць у кантэксце Бога, Яго любові і збаўлення.

Мне здаецца, што дзецям (і не толькі!) неабходна станоўча распавядаць пра смерць як пра сустрэчу з Богам, Які нас любіць, нас збавіў і нас чакае. А таксама як пра сустрэчу з нашымі любімымі памерлымі з сям’і. І вось тут пачынаецца задача для бацькоў: так казаць дзецям пра Бога, каб дзеці сапраўды любілі Яго і хацелі ісці да Яго. Каб сумавалі па Ім. Тады смерць не будзе страшнай, і расстанне будзе сапраўды часовым.

 Таму тэма смерці заўсёды павінна падымацца ў кантэксце Хрыста, Які любіць і збаўляе нас, у кантэксце святых, якіх Ён узнагародзіў за добрае жыццё, і ў кантэксце памерлых, з якімі мы сустрэнемся, і якія часам чакаюць збаўлення ў чыстцы, таму што яны не былі гатовыя да гэтай сустрэчы.

Падрыхтавала Святлана Жылевіч, waladarka.by

для друку для друку