«Я змог прыслухацца да свайго сэрца і адчуў, што Бог са мной». Як моладзь весялілася на «Андрэйках» у Глыбокім

У апошні дзень восені, 30 лістапада, моладзь з Віцебскай дыяцэзіі сабралася разам, каб у малітве, спевах, праслаўленні і танцах падрыхтавацца да радаснага чакання прыйсця Збаўцы. «Андрэйкі» ў «вішнёвай сталіцы» Беларусі, Глыбокім, ладзяцца ўжо пяты год запар. Сёлета тэма гучала так: «Welcome to the Касцёл». Падзяліцца радасцю ад еднасці з сям’ёй Касцёла прыехала больш за 250 чалавек.

Вясёлае мерапрыемства ў глыбоцкім Доме культуры арганізавала дыяцэзіяльнае душпастырства моладзі разам з парафіяй Святой Тройцы ў Глыбокім. У ярка-жоўты будынак непадалёк ад касцёла прыехалі вернікі з Пастаў, Лынтуп, Камаяў, Лучая, Варапаева, Докшыц, Шаркаўшчыны, Мёр, Ідолты, Полацка, Наваполацка, Расон, Віцебска, Оршы і, канечне, самога Глыбокага.

Пасля прывітальных словаў пробашча парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Мікалая Ціхановіча, душпастыра моладзі Віцебскай дыяцэзіі і арганiзатара «Андрэек» кс. Алега Хмылко і сумеснай малітвы, распачалася забаўляльная праграма.

Аніматары ДДМ правялі пераклічку (самымі гучнымі аказаліся Паставы) і прапанавалі ўзгадаць тэму мінулагодніх «Андрэек». Яна гучала так: «Суперздольнасці хрысціяніна». Імі з’яўляюцца прыналежнасць да супольнасці, малітва, міласэрнасць і апостальства. Аніматары звярнулі асаблівую ўвагу на суперздольнасць «прыналежнасць да супольнасці» і прапанавалі прысутным падзяліцца сваім сведчаннем прыхода ў касцёл.

Пасля таго, як удзельнікі ўзгадалі, як яны аказаліся часткай касцёльнай сям’і, аніматары правялі конкурсы, перайначылі казку «Церамок» у «Каплічку» з удзелам мышкі-манашкі і скварца-айца, развучылі з прысутнымі новы танец.

Але «Андрэйкі» — сустрэча не толькі забаўляльная. Арганізатары далі моладзі магчымасць асэнсаваць сваё жыццё і прагненні, каб падрыхтавацца да часу «актыўнага чакання» Езуса. Нам паказалі відэа «Гісторыя Ісака», гісторыю перамянення і навяртання. Ролік паспавядае пра хлопца ў вялікім горадзе, які вырваўся ў «вялікі свет», працаваў у сферы моды, добра зарабляў і ні ў чым сабе не адмаўляў. Але нягледзячы на ўсю весялосць і актыўнасць жыцця, застаючыся сам-насам, адчуваў самоту і пустэчу ўнутры. Вярнуўшыся дамоў да веруючых бацькоў, ён раптам зразумеў, што «Ён, наш дасканалы Бацька, якога ў нікога з нас не было, заўжды з табой. Ён цябе ніколі не пакіне»…

Праславіць Айца за любоў і міласэрнасць мы змаглі падчас канцэрта гурта «TALITHAKUM» з Віцебскай парафіі Св. Барбары. Пасля танцавальнага хіта «Хвалі Тваёй ласкі, Пане» саліст «TALITHAKUM» прапанаваў моладзі сцішыцца, пакласці руку на сэрца і падумаць, за што мы можам праславіць Бога, за што — падзякаваць, чаго папрасіць… Малітва праслаўлення стала добрай нагодай супольна, але ў той жа час паасобку, застацца сам-насам з Панам, Чыя прысутнасць адчувалася ў гэтыя хвіліны асабліва моцна…

Пасля канцэрта «TALITHAKUM», які прайшоў на вельмі высокім узроўні (не хапала толькі кіраўніка калектыва айца Тамаша Мікі ОР), усе адправіліся на дыскатэку.

«Тут ты можаш смела сказаць: «Я — хрысціянін» і аддаць хвалу Пану з людзьмі свайго атачэння»

Я была на «Андрэйках» у Глыбокім упершыню, пасля канцэрта і малітвы праслаўлення была вельмі ўражаная і вырашыла пагутарыць з моладдзю з розных парафій, даведацца іх уражанні ад мерапрыемства.

Юлія, Паставы: «Я на «Андрэйках» чацвёрты раз. Кожны раз арганізатары прыдумляюць нешта новае, вельмі цікавае, не стаяць на месцы. Я вельмі ўдзячна аніматарам, які ўсё гэта прадумваюць для нас. Больш за ўсе мяне сёння ўразіў канцэрт «TALITHAKUM» з малітвай праслаўлення. У гэтыя хвіліны я думала аб тым, што Бог заўжы з намі. Нягледзячы ні на твае паводзіны, ні на твае ўчынкі — Ён побач і ніколі не адмовіцца ад цябе. У наступным годзе абавязкова прыеду на «Андрэйкі»!».

Андрэй, Варапаева: «Трэці раз, здаецца, удзельнічаю ў «Андрэйках». Мне заўжды яны падабаліся, я не заўважаю нейкіх асаблівых змен, хіба што сёлета прыехала больш людзей, чым у мінулыя гады — вельмі здорава, што з’яўляюцца новыя людзі! Асабліва мне падабаецца, што тут шмат касцельных юнакоў і дзяўчат, з якімі класна весяліцца разам. Ты адчуваеш сябе ў «сваёй талерцы», дакладна ведаеш, што можаш смела вызнаваць сябе як хрысціяніна, аддаваць хвалу Пану, спяваць Яму разам з іншымі. Гэта неверагодна! Падчас малітвы праслаўлення я адчуваў спакой і мір у душы… Усё добра, усё — у руках Бога».

Яна, Лынтупы (аніматар ДДМ і вядучая на «Андрэйках»): «Я на гэтым мерапрыемстве другі раз як аніматар. У параўнанні з мінулым годам сёння моладзь была больш актыўная. Прыехала больш людзей, бачна, што многія знаёмыя паміж сабой, бачацца на іншых мерапрыемствах, усе «свае» паміж сабой. У нас не было мэты над нечым сур’ёзна думаць — усе хочуць проста патусіць перад Адвэнтам (смяецца), таму мы асабліва не грузілі ўдзельнікаў. Мяне вельмі радуе, што пасля такіх актыўнасцей яны часта пішуць у сваіх акаўнтах не «было класна і весела», а нешта пра Бога — бачна, што такія мерапрыемствы іх змяняюць.

Калі гурт «TALITHAKUM» праводзіў малітву праслаўлення, я адчула сябе максімальна шчаслівай. Гэта пачуццё ўва мне ўжо даўно, але тады проста ўзмацнілася. Бог — абсалютна цудоўны, я не ведаю, як Ён усё гэта робіць… Але ты вучышся жыць з Ім кожны дзень, пускаеш Яго у сваё сэрца і пачынаеш разумець, адкуль бярэцца ўся гэтая моц унутры. Бог — вялікі, Ён дае сілы, любоў, якой хочацца дзяліцца з іншымі і проста радуешся, што ты — тут і зараз».

Станіслаў, Шаркаўшчына: «Я весялюся на «Андрэйках» трэці ці чацвёрты раз. Вельмі падабаецца, што тут шмат моладзі, можна сустрэцца з католікамі, аднадумцамі, у якіх такія ж, як у мяне, каштоўнасці і інтарэсы. Асабліва мне сёння запомнілася малітва праслаўлення на канцэрце. Я змог прыслухацца да свайго сэрца і адчуў, што Бог са мной, што Ён заўжды мяне пачуе і дапаможа».

Крысціна, Ідолта: «Першы раз на «Андрэйках» была ў 2016 годзе і зараз прыехала зноў, хаця цяжка было выбрацца. Але, хвала Пану, я тут! Мне ўсё спадабалася! Канцэрт і праслаўленне Бога, аніматары — малайцы, робяць усё, каб нас зацікавіць, захапіць, каб мы праслаўлялі Бога не толькі малітвай, але і танцамі, песнямі, нават конкурсамі! Была класная дыскатэка, на якой мы танцавалі «Лодачкі», «Бельгійку» — танцы, без якіх не абыходзіцца ніводная сустрэча маладых католікаў. Калі мы праслаўлялі Бога ў малітве, я дзякавала Яму за тое, што ўсе ж змагла прыехаць у Глыбокае сёння. Таксама адчувала супакой на сэрцы, бо магу не толькі папрасіць аб нечым Бога, але і падзякаваць Яму».

Марыя, Глыбокае: «Я трэці раз удзельнічаю ў «Андрэйках». Больш за ўсё мяне ўразіў канцэрт. Была вельмі добрая энэргетыка, мы разам праслаўлялі Бога — думаю, гэта ўсім спадабалася, кожны мог праслаўляць Яго і не саромецца гэтага. Сёння многія саромеюцца адкрыта праслаўляць Бога, а тут можна было рабіць гэта адкрыта разам з усімі і не баяцца нічога. У часе малітвы я дзякавала Богу за маё жыццё, за магчымасць прысутнічаць тут сёння, за маіх блізкіх людзей…»

Таня, Полацк: «Я была ўпершыню на «Андрэйках». Мне вельмі спадабалася! Калі мы ехалі ў Глыбокае, было вельмі весела. Таксама спадабаліся вясёлыя конкурсы і дыскатэка, на якой мы ўсёй нашай кампаніяй плясалі, нават адзін чалавек голас сарваў! Быў нечаканы канцэрт, бо я думала, што праслаўляць Бога можна спакойнымі спевамі, а было так гучна, сапраўдны рок!»

Упэўнена, што «Андрэйкі: Welcome to the Касцёл» запомніліся асаблівым чынам кожнаму ўдзельніку і кожны змог падзякаваць Богу за нешта, праславіць Яго ў сваім сэрцы і падрыхтавацца да чакання Збаўцы.

Ася Паплаўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

Вялікі фотарэпартаж глядзіце ў суполцы ВК>>

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі