Я не ў цэнтры свету… Медытацыя над навяртаннем

Вялікі пост у жыцці католіка – гэта заўсёды асаблівы час. Адны чакаюць яго з надзеяй, прагнучы змяніць сваё жыццё, пачаць штосьці ад пачатку. Іншыя засмучаюцца з-за яго, бо ў касцёлах стане сумна, панура, а ксяндзы будуць нястомна прыгадваць аб неабходнасці навяртання.

Многія людзі перажываюць дадзены перыяд вельмі асабіста і глыбока. Важнае месца ў ім займаюць пакаянныя практыкі, набажэнствы Крыжовага шляху і Песень жальбы, велікапосныя рэкалекцыі. Аднак усё гэта мае адну мэту: годная падрыхтоўка да найважнейшага для хрысціян свята – урачыстасці Уваскрасення Пана.

На пачатку Вялікага посту, у Папяльцовую сераду, падчас пасыпання галоў попелам святар прамаўляў словы з Евангелля паводле св. Марка: “Навяртайцеся і верце ў Евангелле” (Мк 1, 15). Гэта першае выказванне Езуса ў прыведзеным Евангеллі, якое адначасова распачынае і змяшчае ў сабе ўсю публічную дзейнасць Хрыста. Менавіта вяртанне да Пана з’яўляецца асноўным вымярэннем Вялікага посту.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў эфектных навяртанняў. Самае вядомае з іх апісана ў Святым Пісанні – навяртанне апостала Паўла. Сёння ўсё часцей гавораць пра вяртанне да Пана вядомых акцёраў, музыкантаў, палітыкаў, закаранелых атэістаў. Калі чуем падобныя гісторыі, дзіву даёмся. Як магчыма, што чалавек, які не верыў у Хрыста, раптам змяняе сваё жыццё і становіцца адданым вызнаўцам Збаўцы? Прычынай такіх змен можа быць, напрыклад, сведчанне жыцця веруючай асобы, выпадкова прачытаная рэлігійная кніга, размова, падзея…

Аднак варта памятаць, што кожнае навяртанне – як асобы, што вызнае веру ў Бога, так і яшчэ няверучай – адбываецца па ініцыятыве Усемагутнага, з’яўляецца дарам і ласкай. Кожны хрысціянін пакліканы да пастаяннага навяртання. Гэта не аднаразовы акт, а працэс нястомнага звароту да Бога, да поўнага з’яднання з Ім. Гэта асаблівая дарога, пачаткам якой з’яўляецца свядомае рашэнне парваць з грахом і змяніць сваё жыццё. Такая пастанова ўзнікае ў чалавека ўнутры і заключаецца ва ўсведамленні, прызнанні свайго граху, пачуцці жалю і раскаяння за ўчыненае зло. Любячы Бог, што аддаў свайго Сына на муку і смерць за людзей, можа і хоча прабачыць чалавеку, які просіць аб гэтым, нават самыя горшыя грахі. Усведамленне гэтага вядзе да раскаяння ў сэрцы, схіляе да пакаяння і ўзнагароджання за грахі. Знешне навяртанне выражаецца ў змене паставы і дзеянняў. Малітва, пост і міласціна, да якіх асабліва заахвочвае Касцёл у час Вялікага посту, з’яўляюцца знакам навяртання ў адносінах да Бога, да сябе і да іншых людзей.

Раней людзі былі перакананы, што Зямля з’яўляецца цэнтрам Сусвету, а Сонца і ўсе планеты круцяцца вакол яе. Толькі ў XVI стагоддзі Мікалай Капернік, дзякуючы свайму навуковаму адкрыццю, змяніў пануючае меркаванне. Аднак нават гэтая змена не адбылася адразу, праходзіла паступова. Навяртанне з’яўляецца менавіта такім “капернікаўскім пераваротам”, зменай мыслення, пастаянным усведамленнем таго, што не ўсё варочаецца вакол мяне, што цэнтрам майго жыцця з’яўляецца Бог – сапраўднае Сонца.

Мы часта адчуваем супраціўленне і цяжкасці, перш чым ступіць на шлях навяртання, увесь час перажываем падзенні, якія становяцца прычынай нашага расчаравання.

Не аднойчы гэта звязана з адсутнасцю жадання змяніць сваё жыццё, напрыклад, з неахвотай паспрабаваць выйсці з якой-небудзь залежнасці. Прычынай гэтага з’яўляецца закрыццё на ласку Бога, які заўсёды хоча весці нас да святасці.

Касцёл дае некалькі падказак адносна таго, што трэба рабіць, каб вытрываць на шляху пастаяннага навяртання. Сістэматычная малітва дазваляе знайсці сілы для змены свайго жыцця і распазнання сфер, якія патрабуюць гэтай змены. Чытанне Бібліі набліжае вучэнне Езуса і ўмацоўвае веру. Прыняцце святых сакрамантаў адорвае адпаведнымі ласкамі, а таксама становіцца знакам пакаяння і паяднання. Асаблівай увагі заслугоўвае сакрамант споведзі, які называюць таксама сакрамантам навяртання. Менавіта дзякуючы добра падрыхтаванай шчырай споведзі вельмі канкрэтна адбываецца з’яднанне чалавека з Богам.

Такім чынам, можам сцвярджаць, што працэс навяртання трывае ўсё жыццё і патрабуе ад нас многіх ахвяр. Прыняць гэтую дарогу і застацца на ёй без сумнення дапамагае ўсведамленне таго, што мэтай дадзенага шляху з’яўляецца трыванне побач з любячым Панам, а як вынік – вечнае жыццё ў Небе.

Бр. Максім Лабкоў CSsR, «Слова Жыцця»

для друку для друку