Я ляўша. Ці магу рабіць знак крыжа левай рукой?

Ці можна рабіць знак крыжа левай рукой? 

“Хрысціянін пачынае свой дзень, свае малітвы і справы знакам крыжа: «У імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн». Ахрышчаны прысвячае ўвесь свой дзень Божай славе і просіць Збавіцеля аб ласцы, якая дазваляе яму дзейнічаць у Духу Святым як дзіця Айца. Знак крыжа ўмацоўвае нас перад спакусамі і ў цяжкасцях” (Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2157).

Езус, раскінуўшы рукі на крыжы, быў першым чалавекам, які ўчыніў знак крыжа. А Яго рукі, працягнутыя паміж небам і зямлёй, сталі знакам Запавету.

У першыя стагоддзі хрысціянства было прынята рабіць знак крыжа на ілбе. Паступова гэты звычай змяніўся на знак, вядомы нам сёння: вялікі крыж на сабе ад ілба да грудзей і ад аднаго пляча да іншага: хрысціяне заходняга абраду злева направа, а ўсходняга — наадварот.

Калі вы зразумееце сэнс гэтага жэсту, то з гонарам будзеце рабіць знак крыжа.

Чаму святары бласлаўляюць правай рукой?

На старых іконах Хрыстос і Айцы Касцёла бласлаўляюць правай рукой. Правы бок сімвалізуе радасць выратаваных, тых, хто напаўняе волю Божую, бо Сын паставіць верных авечак па сваёй правіцы (Мц 25,31).

Такі знак крыжа мае таксама глыбокае тэалагічнае значэнне. Мы пачынаем рабіць крыж правай рукой ад галавы да грудзей, прызнаючы, што наш Госпад Хрыстос, праз сваё Уцелаўленне сышоў зверху (гэта значыць ад Айца) на зямлю.

Працягваем знак крыжа злева, дзе знаходзіцца сэрца — месца, дзе з любоўю захоўваем Велікодную таямніцу Езуса (яго вялікія пакуты і смерць) — направа, успамінаючы, што Езус сядзіць праваруч Айца ў сваёй славе Уваскрэсення. Такім чынам крыж увянчаны нябеснай славай.

Касцёл заўсёды лічыў правы бок сімвалічна важным. Таму мы таксама робім знак крыжа правай рукой.

Абавязкова рабіць знак крыжа правай рукой?

Так. Мы не маем права змяняць, адмаўляць або крытыкаваць, згодна з нашага бачання, хрысціянскую традыцыю, якая мае свой глыбокі пачатак.

Бо і ў грамадскім жыцці з’яўляюцца пратаколы, якія мы паважаем, нават калі не ведаем іх паходжання або значэння. Напрыклад, вітаючы кагосьці, падаем правую руку, а не левую.

Правілы этыкету ў жыцці грамадства — гэта не проста звычайныя фармальнасці; яны выказваюць добразычлівасць і павагу. Калі людзі спантанна забываюць пра добрыя манеры, то могуць стаць грубымі, нявыхаванымі і сухімі.

У рэлігійным жыцці адбываецца нешта падобнае. Таму, напрыклад, святар раздае Камунію правай рукой, нават калі ён ляўша. Не забаронена і не з’яўляецца грахом падаць Камунію левай рукой, але гэта — прыкмета добрай літургічнай фармацыі.

Шанаваць крыж

Калі мы разумеем, чым быў крыж у жыцці Езуса і чым ён ёсць у справе нашага збаўлення; калі памятаем, што на крыжы Езус палюбіў нас да канца; калі наш малы жэст знака крыжа свядомы, то накіроўваем наша жыццё ў добры бок, таму што насіць крыж — гэта тое, пра што просіць Езус, калі мы хочам Яго наследаваць.

Кожны сімвалічны жэст можа дапамагчы нам увайсці ў зносіны з тым, што гэты жэст азначае, а гэта — самае важнае.

Паводле credo.pro

Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку