Я ў дзяцінстве гуляла ў магію…

«Хвала Хрысту! У дзяцінстве часта мы гулялі з сяброўкамі ў магію, гэта значыць так, для смеху, варажылі на картах і… розныя такія рэчы. Зараз я ўспомніла гэта, і мяне дакарае сумленне. Скажыце, ці дастаткова ў такім выпадку споведзі?»

Юлія

– Хвала навекі, Юлія! Для адказу на Вашае пытанне спачатку звернемся да этымалогіі, каб лепш зразумець, што такое магія.

Лацінскае слова magia паходзіць ад грэцкага слова mageia, а яно, верагодна, у сваю чаргу, паходзіць са старажытна-персідскай мовы – magush, якое мае корань magh, і азначае “мець сілу”. Магі належалі да паганскай старажытна-персідскай святарскай касты. Такім чынам, можна сказаць, што магія – гэта пэўныя дзеянні, заснавананыя на ідэі, што ў прыродзе існуюць акультныя сілы і іх можна выклікаць з дапамогай вераванняў і нейкіх практык і так атрымаць адпаведную выгаду ці навесці бяду альбо праклён на іншага.

Усе гэтыя дзеянні звязаныя з нашай верай альбо з яе адсутнасцю. А калі гаворка ідзе пра пытанні, якія датычацца веры, як заўсёды, найлепшы адказ нам дае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. У нумары 2117 мы можам прачытаць: “Усякае ўжыванне магіі або варажбы, з дапамогай якіх спрабуюць прыручыць акультныя сілы, каб карыстацца імі і валодаць звышнатуральнай уладай над бліжнім, нават і для таго, каб дадаць яму здароўя, сур’ёзна супярэчыць рэлігійным цнотам. Такога кшталту практыка тым больш недазволеная ў выпадку, калі да яе звяртаюцца з намерам нашкодзіць каму-небудзь ці калі гаворка ідзе пра ўмяшанне бесаў. Таксама заслугоўвае вымовы звычка насіць амулеты. Спірытызм часта вядзе да варажбы або магіі. Таму Касцёл папярэджвае вернікаў, што трэба пазбягаць яго. Зварот да так званай народнай медыцыны не ўзаконьвае ні выклікання злых духаў, ні эксплуатацыю чыёйсьці даверлівасці.”

Гэта кажа нам пра дзве рэчы. Перш за ўсё, магія мае пэўнае славалюбства альбо амбітнасць – праз магічныя дзеянні, замовы, рытуалы, малітвы, праклёны ўздзейнічаць на асобу, ужываючы моц цёмных сілаў, д’ябла, каб ёй нашкодзіць і такім чынам прымусіць чалавека, напрыклад, закахацца, вылечыць хваробу альбо зрабіць яго хворым, навесці псоту і гэтак далей. Іншымі словамі, займацца магіяй – азначае рабіць зло з дапамогай д’ябла. Нават так званая “белая магія”, якая падаецца як добрая ў тым сэнсе, што яна спрыяе добрым рэчам, напрыклад, пошуку працы ці аздараўленню, на самай справе ідэнтычная “чорнай”: той, хто займаецца магіяй, заўсёды праз свае дзеянні і абрады звяртаецца да акультных сілаў. Трэба ясна зразумець, што не існуе розніцы паміж “белай” альбо “чорнай” магіяй. Магія заўсёды застанецца магіяй.

Іншая рэч заключаецца ў тым, што магія моцна супярэчыць першай запаведзі, якая гучыць так: “He май іншых багоў, апроч Мяне” (Зыход 20, 3). Той, хто звяртаецца да чараўнікоў, варажбітаў, акультыстаў, “святых людзей”, “бабак” і г.д., каб пазнаць сваю будучыню, аздаравіцца альбо здзейсніць іншыя магічныя рытуалы, робіць цяжкі грэх супраць веры і абавязаны спавядацца з гэтага, каб вярнуцца ў стан асвячальнай Божай ласкі, нават калі з моманту звароту да варажбіта альбо мага прайшло шмат часу.

Бывае, у нас можа ўзнікнуць страх перад такога кшталту рэчамі, перад чарамі, праклёнамі, магіяй і г.д., а таксама і пытанне, ці можа чалавек, які знаходзіцца ў стане Божай ласкі, супрацьстаяць уздзеянню магічных абрадаў? На гэтае пытанне можна адказаць, што значна складаней нанесці “ўдар” па чалавеку, які знаходзіцца ў стане ласкі, які пастаянна карыстаецца святымі сакрамантамі і праводзіць хрысціянскае жыццё, але такое, безумоўна, таксама магчыма.

Такім чынам, чалавек, які свядома займаецца магіяй альбо карыстаецца паслугамі магаў, варажбітак і да т.п., робіць смяротны грэх, а смяротны грэх нішчыць Божую любоў у чалавечым сэрцы цяжкім парушэннем Божага закону, а таксама адштурхоўвае чалавека ад Бога, ставячы на Яго месца тое, што ніжэй па ўзроўні за самога Бога.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла ў нумарах 1854-1864 акрэслівае паняцце смяротнага граху. Грэх з’яўляецца смяротным, калі супадаюць тры ўмовы адначасова:

  • сур’ёзнасць матэрыі, якая вызначаецца 10 запаведзямі;
  • поўная свядомасць, што я раблю грэх;
  • поўная згода на грэх.

З “гульні” ў магію, трэба спавядацца, каб атрымаць Божае прабачэнне, бо парушаецца Першая з Дзесяці запаведзей. Наколькі гэта было свядомым парушэннем, павінны высветліць Вы самі падчас святой споведзі.

Неўсведамленне ж граху можа аслабіць цяжкасць віны ці нават увогуле вызваліць ад яе. Але ніхто не мае права застацца ў няведанні прынцыпаў маральнага закону, упісаных у сумленне кожнага чалавека.

Таму заклікаю ўсіх, хто лічыць сябе вернікам, пазбягаць звароту да варажбітак, не гуляць у магію, не звяртацца да гараскопаў і памятаць словы святога апостала Пятра з Першага Паслання, у якім ён кажа: “Будзьце цвярозымі, чувайце. Праціўнік ваш, д’ябал, як леў, кружыць з рыкам, шукаючы, каго пажэрці” (5, 8).

З малітвай, кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку