Ізраіль і Ватыкан пацвярджаюць курс на збліжэнне

У гадавіну 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Ізраілем і Ватыканам паслы абедзвюх дзяржаў пацвердзілі іх намер развіваць супрацоўніцтва.

«Добры ўдзел, які мы бачым, прадстаўнікоў розных супольнасцей Масквы – і каталіцкай, і габрэйскай – паказвае жывую цікавасць да ўстанаўлення і кансалідацыі адносін ўзаемнага пазнавання, павагі, супрацоўніцтва і салідарнасці (…) Па сутнасці, каб дасягнуць сацыяльнага счаплення і адзінства намераў са сваімі суседзямі, мы павінны іх даведацца, а для таго, каб зразумець, хто яны ёсць, часта павінны знайсці спосаб пераадолення старых беспадстаўных забабонаў», – заявіў на семінары ў Маскве Апостальскі Нунцый Чэлесціна Мільёрэ.

Ён растлумачыў, што кажа гэта, зыходзячы са свайго досведу, паколькі нунцыятура ў Маскве размешчана ў квартале, дзе маецца значная габрэйская абшчына.

«На працягу ўсіх гэтых гадоў Святы Пасад і Дзяржава Ізраіль прадэманстравалі агульную адказнасць у садзейнічанні свабодзе рэлігіі, культу і сумлення, што з’яўляецца неабходнай умовай для абароны чалавечай годнасці і сумеснай працы па пераадоленні антысемітызму. Выкананне гэтага абавязацельства павінна быць працягнута – шляхам выкаранення любой формы рэлігійнай нецярпімасці і праз прасоўванне ўзаемаразумення паміж нацыямі, мірнага суіснавання паміж супольнасцямі і павагі да асобы і чалавечага жыцця», – падкрэслівае Нунцый.

У сваю чаргу пасол Ізраіля Гары Корэн адзначыў, што адной з найважнейшых ліній у палітыцы Ізраіля з моманту ўтварэння гэтай дзяржавы быў шлях, скіраваны на абавязковае захаванне ў Ізраілі свабоднага доступу і магчымасці бесперашкоднага адпраўлення культу ва ўсіх святых месцах.

«Ізраіль заўсёды нястомна імкнуўся да раўнапраўнага забеспячэння поўнай бяспекі для прадстаўнікоў усіх рэлігійных супольнасцей, сярод якіх таксама і хрысціянская», – адзначыў Корэн.

«Тое, што дзве нашы рэлігіі жывуць у міры, узаемаразуменні, згодзе – гэта сапраўды вельмі важна для любога чалавека», – сказаў у відэазвароце да ўдзельнікаў семінара галоўны равін Расіі Берл Лазар. Ён падкрэсліў, што аснова ўсіх рэлігій–  гэта не толькі вера ў адзінага Бога, але і любоў да бліжняга, і заклікаў шукаць «агульнае, тыя каштоўнасці, якія ўніверсальныя і сапраўды патрэбныя ўсім», паказваючы, як рэлігія аб’ядноўвае людзей.

10 сакавіка 1994 года Святы Пасад і Дзяржава Ізраіль завяршылі працэдуру ратыфікацыі фундаментальнага пагаднення, на падставе якога 15 чэрвеня таго ж года паміж імі былі ўсталяваныя поўныя дыпламатычныя адносіны. Паваротным момантам у развіцці сяброўскіх адносін паміж Ватыканам і Ізраілем стала прыняцце дэкларацыі Nostra aetate ( «У наш час»). Яна была зацверджана 28 кастрычніка 1965 года папам Паўлам VI, у ёй фармулюецца сучаснае стаўленне Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій, а таксама асуджаецца антысемітызм і яго праявы ў гісторыі.

www.interfax-religion.ru

Фота: Інфармацыйнае бюро “Спектр”
Пераклад на беларускую мову Змітра Лупача

для друку для друку