Іўеўскі дэканат: перэгрынацыя Маці Божай Фацімскай у Лаздунах

10-11 чэрвеня бягучага года у парафіі  Свв. Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах адбылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай. Наша парафія другая па ліку ў Іўеўскім дэканаце, якая мела радасць прымаць у сябе такую вялікую Госцю.

Ксёндз-дэкан Віктар Субель з групай сваіх парафіян з Трабаў увечары прывезлі фігуру Маці Божай у Лаздуны. Мясцовыя парафіяне на чале са сваім пробашчам кс. Анджэем Бураком выйшлі далёка перад святыняй, каб сустрэць сваю Нябесную Маці. Пасля ўрачыстага спаткання, пад спеў “Авэ Марыя”, гучны звон званоў, па дарозе, высланай кветкамі, неслі фігуру Маці Божай Фацімскай у святыню.

Прывітанне было вельмі ўзрушаным. Кожны меў перад вачыма сваю любячую матулю.  Віталі ўсе па чарзе: святар, дзеці, моладзь, старэйшыя парафіяне.


Урачыстую Эўхарыстыю цэлебраваў ксёндз-пробашч Анджэй Бурак. З Божым словам, прыбліжаючым фацімскую таямніцу, да вернікаў звярнуўся дэкан з Іўя. Пасля Эўхарыстыі людзі не спяшаліся да дому – трывалі пры цярпліва слухаючай Маці Божай. На заканчэнне літургіі адбылася працэсія з запаленымі свечкамі вакол касцёла. Да паўночы касцёл быў адчынены, каб кожны жадаючы мог прыйсці перапрасіць, памаліцца, падзякаваць Марыі, а таксама папрасіць Яе апекі на кожны дзень.

11 чэрвеня, ва ўрачыстасць Святой Тройцы, Маці Божая трывала са сваімі дзецьмі ў Лаздунскай парафіі. Пробашч цэлебраваў дзве святыя Імшы ў інтэнцыях розных парафіяльных груп.

Пасля фігура Маці Божай Фацімскай наведала вёску Доўнары, дзе ў капліцы, перабудаванай са звычайнай вясковай хаты, была цэлебравана Эўхарыстыя. Па дарозе да гэтай капліцы затрымліваліся каля кожнага прыдарожнага крыжа. Людзі, якія там віталі Маці Божую не хавалі сваіх слёз радасці. Да адной сляпой парафіянкі, якая перамяшчаецца толькі ў інвалідным вазку з дапамогай сына-інваліда, ксёндз-пробашч прывёз фігуру Маці Божай у падворак. Для гэтай беднай жанчыны было вельмі вялікай радасцю даткнуцца сваімі рукамі да фігуры і такім чынам адчуць прысутнасць Марыі ў сваім жыцці.

Перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Лаздунах выглядала як вялікі ружанец: кожная вёска – гэта пацеркі ружанца, а парафіяльная святыня Свв. Апосталаў Сымона і Юды Тадэвуша – крыж.

Вечарам наступіла развітанне з Маці Божай. Урачыстая працэсія па вуліцах вёскі Лаздуны правяла фігуру ў суседнюю парафію Свв. Пятра і Паўла ў Іўі.

Кс. Анджэй Бурак, тэкст
Д.Каспяровiч, фота

для друку для друку