Італьянскі суд прызнаў пілігрымку ў Санцьяга дэ Кампастэла за форму пакарання

Італьянскі суд устрымаўся ад прысуду маладому абвінавачанаму пасля яго пілігрымкі ў Санцьяга дэ Кампастэла. 22-гадовы мужчына з Паўночнай Афрыкі павінен быў быць пакараным за здзяйсненне розных злачынстваў, звязаных з ужываннем наркотыкаў.

Суд, аднак, вырашыў не прызначаць адказчыку пакаранне, паколькі той прайшоў пешшу 1500 км у пілігрымцы да іспанскага санктуарыя ў Санцьяга дэ Кампастэла. Суд прызнаў гэта выхаваўчым мерапрыемствам для выпраўлення абвінавачанага. Гэта першы выпадак у сістэме італьянскага правасуддзя, — заявілі СМІ. Па іх словах, малады чалавек 85 дзён ішоў шляхам св. Якуба. Яго суправаджаў 68-гадовы апякун з таварыства дапамогі моладзі ў горадзе Местрэ на поўначы Італіі.

Такія праекты рэалізуюцца ў Бельгіі і Францыі. Пагадненне прадугледжвала адмову ад ужывання наркотыкаў, алкаголю, цыгарэт і мабільнага тэлефона на час пілігрымкі. На пражыванне і начлег пілігрымам выдзелілі грошы — амаль 40 еўра на дзень.

Маладому хлопцу нялёгка было прывыкнуць да новага рытму дня і новых правілаў, адзначыў яго апякун Фабрыцыо, які падчас пілігрымкі адчуваў сябе дзядулем. Ён падкрэсліў, што яго падапечны адкрыў новыя каштоўнасці жыцця ў «прыгажосці прыроды» і наведваньні новых месцаў. «Маё жыццё змянілася», — сказаў малады пілігрым, вярнуўшыся ў Італію.

Па матэрыялах CREDO
пераклад Catholicnews.by

для друку для друку