Італьянскае выданне «La Repubblica» пра кулінарныя перавагі Папы

Папа Францішак з’яўляецца першым Папам, які спажывае ежу не ў Апостальскім палацы, а ў сталоўцы Дома св. Марты – былога ватыканскага гатэля для кардыналаў і высокіх гасцей, а цяпер – рэзідэнцыі Святога Айца.

Аб гэтым нагадаў ватыканіст італьянскага выдання “La Repubblica” Паола Радары на старонках спецыяльнага дадатку, прысвечанага кулінарыі, які выходзіць на чацвергах.

Аўтар заўважыў, што стол, за якім звычайна прымае ежу Пантыфік ніякім чынам не аддзелены ад іншых і знаходзіцца ў самым канцы залы, у якой могуць адначасова змясціцца каля сарака чалавек. Францішку часта складаюць кампанію яго прыватныя сакратары, а таксама італьянскі кардынал Даменіка Кальканьё, старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы.

Паводле ватыканіста, на першае Святы Айцец звычайна замаўляе рыс ці макароны, заўсёды “in bianco”, гэта значыць без соўса ці прыправы. На другое Пантыфік часцей спажывае рыбу ці белае мяса. Салодкае есць рэдка, а вось садавіну і агародніну – з вялікім задавальненнем.

Большасць прадуктаў, якія трапляюць на стол Папы Францішка – а ў выпадку Дома св. Марты, таксама на стол яго суразмоўцаў – паходзяць з папскіх ферм у Кастэль-Гандольфа – рэзідэнцыі Рымскіх Пантыфікаў, што знаходзіцца ў некалькіх дзесятках кіламетраў ад Рыма. Сельскагаспадарчыя ўгоддзі былі там закладзены ў 1930-я гг. па ініцыятыве Пія ХІ.

Папская гаспадарка ў Кастэль-Гандольфа налічвае каля 80 кароў, 1000 кур, 15 вуллёў, тут вырошчваюць аліўкі, вінаград, слівы, яблыкі, ківі, персікі, цукіні, баклажаны і перац. Прадукты адтуль прывозяць у Ватыкан амаль кожны дзень. Многія з іх ватыканскія служачыя могуць набыць у мясцовым супермаркеце.

Ватыканскае Радыё

для друку для друку