Ісці за голасам праўды

У размове з Пілатам перад сваёй смерцю Хрыстос сказаў: “Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой”. Мы часта супраціўляемся гэтаму голасу, заглушаем яго, таму што прывыклі самі вырашаць, што такое праўда.

Кожны раз, калі мы вырашаем жыць “сваёй праўдай”, а не Божай, мы заўважаем, што можам атрымаць кароткачасовую карысць для сябе. Гэта карысць будзе ўяўнай, паколькі калі “ў кожнага свая праўда”, то повязі братэрства, салідарнасці паміж людзьмі разрываюцца. Мы становімся вельмі самотныя і нішто гэтую самотнасць не можа запоўніць.

Навука Езуса нам можа здавацца няпростай. Ён вучыць нас звяртаць увагу на тое, што гавораць іншыя людзі і ў чым маюць патрэбу, а не на тое, адкуль яны паходзяць і як выглядаюць. У свеце, напоўненым няправільна перажытай агрэсіяй, дзе змаганне з чым-небудзь становіцца самамэтай, няпроста вырашыць ісці за голасам Хрыста. Неабходна адвага, каб перастаць думаць прымітыўна, дзелячы людзей на добрых і дрэнных, чужых і сваіх. Для Бога няма дрэнных народаў, моў, гарадоў і г. д.

Прыклад жыцця Хрыста, магчыма, здаецца для нас непераканаўчым, паколькі ён часамі выглядае недасяжным ідэалам. У такім выпадку нас могуць натхніць біяграфіі многіх паслядоўнікаў Езуса, якія жылі ў такім жа няпростым свеце, што і ўсе іншыя, і знешне ад іншых людзей не адрозніваліся.

Адным летнім днём 1853 года гарадскія ўлады Масквы былі моцна збянтэжаныя, заўважыўшы на вуліцах дваццацітысячны натоўп. Збянтэжанасць знікла, калі стала вядома прычына гэтага сходу. Людзі сабраліся, каб, ідучы ў жалобнай працэсіі, развітацца з Фрыдрыхам Гаазам. Гэты нямецкі католік большасць жыцця пражыў у Расіі і прысвяціў яго лячэнню хворых, пераважна вязняў. Любоў простага народа да яго праявілася ў тым, што яго сталі называць “святым доктарам”.

Доктар Гааз, які не дзеліць людзей на сваіх і чужых, з’яўляецца на старонках рамана “Ідыёт” Ф. Дастаеўскага ў вобразе неназванага па імені старога чалавека з нямецкім прозвішчам, які жыве ў Маскве і адведвае ўсіх, хто асуджаны і будзе этапіраваны ў Сібір. Удзячныя былыя вязні на агароджы магілы “святога доктара” павесілі аблегчаныя кайданы, якія па ініцыятыве Гааза сталі выкарыстоўваць у пенітэцыярнай сістэме дзеля змяншэння фізічных пакут зняволеных.

Жыццё доктара Гааза было напоўнена мноствам добрых учынкаў, здзейсненых бескарысліва. Гэта ў яго атрымалася таму, што ён вырашыў не проста быць рэлігійным чалавекам, а паверыў і гэтай верай жыў. Ішоў за голасам праўды, які заклікае нас весці праведнае жыццё.

Кс. Кірыл Бардонаў, sb.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі