Ірландыя: папскія аўтамабілі паслужаць дабрачыннасці

Два сінія аўтамабілі “Шкода Рапід”, якія былі прызначаны для перамяшчэння Папы падчас яго візіту ў Дублін, перадалі дабрачынным арганізацыям.

Адна з машын будзе знаходзіцца на службе арганізацыі “Crosscare”, якая дзейнічае ў ірландскай сталіцы. Дабрачынная структура дапамагае сем’ям, якія раптоўна аказаліся без жылля, знайсці новы дах над галавой. У Дублінскай архідыяцэзіі патлумачылі, што аўтамабіль будзе выкарыстоўвацца для дастаўкі сем’яў у іх новыя дамы. Мяркуецца, што дзякуючы гэтаму сціпламу жэсту, людзі, якія апынуліся ў бядзе, будуць адчуваць салідарнасць Папы.

Другая машына адправіцца на поўнач краіны, у горад Лондандэры. Яна была падаравана дабрачыннай арганізацыі “Foyle Search and Rescue”, якая спецыялізуецца на прадухіленні суіцыдаў. “Гэтая “Шкода Рапід” акажа велізарную практычную дапамогу валанцёрам у іх мужнай і жыццёванеабходнай працы па выратаванні жыццяў”, — зазначыў арцыбіскуп Іман Марцін, старшыня Канферэнцыі Біскупаў Ірландыі.

Францішак наведаў Ірландыю 25-26 жніўня 2018 года з нагоды IX Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая сёлета праходзіла ў Дубліне.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку