Інтэрв’ю з хрысціянскім псіхолагам Таццянай Палхоўскай

Сёння ў “Каталіцкім Весніку” – размова з хрысціянскім псіхолагам, кансультантам і сямейным псіхатэрапеўтам Таццянай Палхоўскай.

 – Паважаная Таццяна, распавядзіце крыху пра сябе.

– З 2010 года я працую псіхолагам. У мяне вышэйшая псіхалагічная адукацыя. Я скончыла першую ступень Гештальт Інстытута. Спецыялізацыі – “Псіхалагічнае кансультаванне”,“Сямейная псіхатэрапія”. А таксама праграму “Next” для тых людзей, якія перажылі ў сваім жыцці рознага кшталту гвалт (эмацыйны, фізічны, сексуальны, псіхалагічны). Цяпер я заканчваю спецыялізацыю “Групавая псіхатэрапія”. Ёсць яшчэ пэўная колькасць тэм, у якіх планую прафесійна развівацца.

Шлях да маёй прафесіі быў доўгім і няпростым. Я малілася пра пакліканне. І да самага паступлення ва ўніверсітэт нават не ўяўляла, чым сапраўды хачу займацца. У той момант я сур’ёзна думала пра кляштар. Тады вырашыла, што псіхалагічная адукацыя не пашкодзіць у любым маім рашэнні. Зараз я цікаўлюся многімі рэчамі, аднак псіхалогія падабаецца найбольш. Таму ніколькі не пашкадавала пра свой выбар. Я вельмі люблю сваю працу. Яна для мяне – бласлаўленне і натхненне, мой драйв і маё жыццё.

– Калі людзі звяртаюцца па параду да псіхолага?

– Часцей за ўсё людзі звяртаюцца па кансультацыю ўжо ў вельмі крайніх выпадках. Гэта можна патлумачыць тым, што ў Беларусі, на жаль, пакуль слаба развіта разуменне важнасці дапамогі псіхолага. Людзі звяртаюцца, калі з пэўнай праблемай не могуць справіцца ніякімі іншымі спосабамі. Хоць часам і не разумеюць, які вынік могуць атрымаць пасля псіхатэрапіі. Час ад часу прыходзяць людзі больш свядомыя ў сваіх жаданнях. Яны разумеюць, што можна развівацца, можна спрабаваць палепшыць якасць свайго жыцця, а не толькі жыць нейкімі ўяўленнямі. Разумеюць і тое, што псіхалагічны супакой, псіхалагічнае развіццё можа ўплываць на якасць жыцця не залежна ад розных вонкавых абставін.

– З якімі праблемамі зараз найчасцей прыходзяць людзі?

– Найчасцей людзі звяртаюцца з праблемамі стасункаў у сям’і. Гэта і эмацыйныя, і сексуальныя аспекты, адносіны паміж бацькамі і дзецьмі, паміж сужэнцамі. Ёсць тыя, што звяртаюцца з праблемай павышанай трывогі, нейкіх моцных страхаў. Таксама з праблемамі харчавання, з сексуальным жыццём. Увогуле шмат розных праблем.

– Што найбольш складанае ў працы псіхолага?

– Найбольшая цяжкасць, з якой я сутыкаюся, – патлумачыць кліентам, што я, як і любы псіхолаг, не магу даць адказаў на ўсе пытанні. Людзі часта думаюць, што я штосьці скажу, і іх праблемы адразу вырашацца. Важна ведаць, што псіхолагі амаль ніколі не даюць парадаў. Задача псіхолага – разабрацца, што адбываецца з чалавекам, праз якія этапы ён праходзіць, што найбольш важнае ў яго жыцці, адкуль пачынаецца праблема, з якой ён прыйшоў, як яна ўздзейнічае на розныя сферы яго жыцця. Калі мы пачынаем усё гэта разбіраць, то пасля чалавек спрабуе перажыць свае эмоцыі, нанова сутыкнуцца з пэўнымі глыбіннымі, падсвядомымі праблемамі, спрабуе вярнуцца ў сваё мінулае жыццё. Таму ўсё гэта доўгі і складаны шлях. Псіхатэрапія – гэта адказнасць двух бакоў за тую працу, якая будзе адбывацца на кансультацыях.

Праца псіхолага і кліента заснаваная на пазнанні сябе, сваіх эмоцый, рэакцый. Яна складаная і двухбаковая.

– Вы з’яўляецеся хрысціянскім псіхолагам. А чым, на Вашу думку, адрозніваецца хрысціянскі псіхолаг ад нехрысціянскага?

– Так, я хрысціянскі псіхолаг. Мая праца бласлаўлёная біскупам Юрыем Касабуцкім. Аднак розніца паміж свецкім і хрысціянскім псіхолагам вельмі ўмоўная. Калі псіхолаг з’яўляецца сапраўдным прафесіяналам, то ў працы нейкая розніца будзе незаўважная. Называю сябе хрысціянскім псіхолагам таму, што я сама каталічка з дзяцінства. Я – верніца-практык. Гэта значыць, што мае кліенты могуць не хвалявацца, што іх не зразумеюць, пасмяюцца або будуць  лячыць ад веры, ад кантакту з Богам. На жаль, так час ад часу здараецца. У мяне былі людзі, якія мелі дрэнны досвед працы з псіхолагам. Ён раіў сваім кліентам завесці палюбоўніка, зрабіць штосьці супраць сумлення. Сапраўдны ж прафесіянал будзе працаваць у той парадыгме, у якой жыве кліент. Псіхолаг не мусіць навязваць свае погляды іншым.

Я таксама не навязваю сваіх поглядаў. Да мяне прыходзяць і атэісты, і агностыкі. І з веравызнаннем ніякіх праблем у нас звычайна не ўзнікае. Аднак магу сказаць, што з хрысціянамі мне працаваць камфортна. Я разумею іх адчуванні, разумею, як у іх складваецца кантакт з Богам і Касцёлам.

– Дапамога святара і дапамога псіхолага. У чым розніца?

– Часам я звяртаюся па дапамогу да святароў. Бо святары працуюць з духоўнай сферай чалавека, а псіхолагі – са сферай падсвядомасці, гісторыі чалавека і з прынцыпамі яго развіцця. Таму часам патрабуецца сумесная праца святара і псіхолага. Бывае і так, што святары даюць мой нумар тэлефона сваім вернікам. Бо чалавек думае, што ў яго духоўная праблема, а святар падазрае, што ёсць і псіхалагічныя аспекты. Тады кожны з нас працуе ў сваёй сферы.

– Якім чынам можна звярнуцца да Вас па кансультацыю?

– Кожны чалавек можа звярнуцца да мяне, патэлефанаваўшы па нумары +375 (29) 561-58-08.

Часта мае кансультацыі праходзяць у Мінску, у касцёле св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) і ў парафіі Святога Роха на Залатой Горцы. Але могуць быць і іншыя раёны горада. Таксама ёсць магчымасць кансультацыі праз Viber. Гэта своеасаблівыя анлайн-сустрэчы для тых людзей, якія звяртаюцца з розных гарадоў краіны, ці, напрыклад, для беларусаў, што жывуць за мяжой.

Кансультацыі платныя. Плата па дамоўленасці. З кожным мы размаўляем пра фінансавыя магчымасці. У мяне бываюць кліенты, якія зусім не плацяць за кансультацыі, бо часам існуюць нейкія сур’ёзныя фінансавыя сітуацыі.

Я спадзяюся, што мая інфармацыя камусьці дапаможа. Магчыма, нехта сумняваецца, але мае патрэбу ў дапамозе псіхолага. Я буду рада сустрэцца, пракансультаваць і паразмаўляць!

– Што б Вы пажадалі нашым чытачам?

– Не бойцеся пазнаваць сябе, прымаць сябе і жыць у шчырасці!

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку