Ініцыятыва “Грош святога Пятра” перанесена па прычыне пандэміі

Грош біблійнай удавы. Ілюстрацыйнае фота

Улічваючы надзвычайную эпідэміялагічную сітуацыю, Святы Айцец перанёс традыцыйны збор ахвяраванняў, вядомы як “Грош святога Пятра” (Obolo di san Pietro), на кастрычнік.

Ініцыятыва, якая рэалізуецца звычайна 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла, у 2020 годзе ажыццявіцца ў XXVII Звычайную нядзелю, 4 кастрычніка, у дзень, прысвечаны св. Францішку Асізскаму, — паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Традыцыя была ўведзена ў паўсюдную практыку Касцёла ў 1871 годзе энцыклікай Пія IX “Saepe Venerabilis”, а шырокае распаўсюджанне атрымала ў XX ст. Ахвяраванні накіроўваюцца Пантыфікам на рэалізацыю канкрэтных спраў міласэрнасці.

Трэба нагадаць, што ў вернікаў ва ўсім свеце ў 2016 годзе з’явілася дадатковая магчымасць падтрымаць дабрачынныя ініцыятывы Святога Айца. Гэта можна рабіць на адмысловым сайце. Акрамя магчымасці фінансавым чынам паўдзельнічаць у папскіх ініцыятывах міласэрнасці, рэсурс знаёміць з дабрачыннымі праектамі Святога Пасаду, прамовамі Папы на тэму міласэрнасці, старажытнай гісторыяй ініцыятывы “Грош святога Пятра”.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку