Імша Папы Францішка ў Каўнасе: лацінская мова і больш за 100 тысяч вернікаў

23 верасня Папа Рымскі прыбыў у Каўнас, дзе цэлебраваў св. Імшу для сабраных у парку Сантакос. Прывітаць Пантыфіка сабралася каля 100 тысяч чалавек, сярод якіх і больш за 800 святароў.

Святую Імшу канцэлебравалі арцыбіскуп Ліангінас Вірбалас, біскуп Каўнаса, і арцыбіскуп Гінтарас Грушас, старшыня літоўскага епіскапату, больш за 30 біскупаў з Літвы і прылеглых краін, а таксама больш за 800 святароў з Літвы, Польшчы, Беларусі, Латвіі, Расіі, Ісландыі і інш.

За спевы на святой Імшы адказваў хор у складзе 260 чалавек. На алтары знаходзіўся абраз Маці Божай Тракайскай, апякункі Літвы, а таксама былі выстаўлены рэліквіі благаслаўлёнага Тэафіса Матулёніса – літоўскага святара і біскупа, былога дапаможнага біскупа Магілёўскай архідыяцэзіі.

Імша ішла на лацінскай мове. Святую Камунію дапамагалі ўдзяляць больш за 200 чалавек, уключаючы святароў, семінарыстаў і свецкіх асістэнтаў.

Быць Касцёлам у руху

Звяртаючыся да Евангелля з нядзелі, Папа Францішак адзначыў, што святы Марк цэлую частку свайго Евангелля прысвячае навучанню, скіраванаму да вучняў.

“Выглядае такім чынам, як бы Хрыстус на паўдарозе да Ерузалема хацеў, каб яго вучні абнавілі свае абяцанні, ведаючы, што іх згода прынясе хвіліны выпрабавання і болю”, — нагадаў Пантыфік.

“Хрысціянскае жыццё заўсёды ўбірае ў сябе моманты крыжа, якія часам здаюцца бясконцымі”, — зазначыў Святы Айцец. — Мінулыя пакаленні з болем прыгадваюць часы акупацыі, страх дэпартаваных і няпэўнасць тых, хто вярнуўся назад. Кніга мудрасці кажа пра пераслед справядлівага, аб тым, хто церпіць знявагі толькі для таго, бо ёсць добры”.

“Колькі з вас маглі б распавесці пра тое ж самае, што мы пачулі ў прачытаным фрагменце, з уласнага вопыту або вопыту кагосьці з блізкіх, – заўважыў Святы Айцец. – Колькі з вас засведчыла незбалансаванасць веры ў часы, калі Бог не з’яўляўся, каб абараніць вас; але той факт, што вы вытрывалі ў веры, недастатковы для таго, каб Ён пачаў дзейнічаць у вашай гісторыі”, – сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў асобных людзей і абшчыны прыняць балючыя аспекты свайго мінулага і сучаснасці і актыўна, пакорліва працаваць над імі, не пазбягаючы гэтых непрыемных рэалій і не ўскладаючы адказнасць на іншых. Папа заклікаў браць на сябе адказнасць, не баючыся быць героем.

Пантыфік заклікаў людзей быць “Касцёлам у руху, не баючыся выходзіць вонкі”, “без увагі да сябе ў жаданні атрымаць апладысменты за сваю працу”, і прасіць Хрыста аздаравіць нашу памяць, каб у гэтым нас суправаджала сапраўднае жыццё.

“У Вільнюсе была рака Вілейка, якой было наканавана яднаць і аддаваць свае воды і сваю назву рацэ Вілія. Тут тая самая Вілія губляе сваю назву, уліваючы свае воды ў Нёман.

Такая ж сітуацыя і з Касцёлам: мы павінны быць Касцёлам, які ідзе насустрач людзям звонку, нават калі мы гэтага баімся.

Часамі мы павінны паводзіць сябе як бацька марнатраўнага сына, чакаючы, каб адкрыць браму; або як вучні, якія павінны зразумець, што калі прымаюць яны прымаюць убогіх, то прымаюць самаго Езуса.

Таму мы сёння тут, прагнучы прыняць Хрыста: у Яго слове, у Эўхарыстыі, ва ўбогіх. Мы хочам яго прыняць, каб ён паяднаў нашу памяць і суправаджаў нас у сучаснасці. Каб мы ішлі за ім як вучні, таму што няма нічога людскога, што б не адгукалася ў сэрцах вучняў Хрыста”.

“Езус Хрыстус – наша адзіная надзея”, – заключыў Папа Францішак.

Віталій Палінеўскі, тэкст;
Аляксандра Шчыглінская, фота;
Catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі