Імша ў інтэнцыі СМІ Беларусі

“Радыё Марыя” сардэчна запрашае на святую Імшу ў інтэнцыі СМІ Беларусі.

Набажэнства адбудзецца 14 ліпеня а 13-й гадзіне ў касцёле парафіі Маці Божай Будслаўскай на Каменнай Горцы (г. Мінск, вул. Прытыцкага, 107а). Да малітвы можна далучыцца таксама праз трансляцыю на нашым радыё.

Сродкі масавай інфармацыі як прылада з’яўляюцца маральна нейтральнымі. Аднак пытанні выклікае іх выкарыстанне. Вельмі добра, што сёння шмат гаворыцца аб педагогіцы СМІ, іх ўплыву на выхаванне маладога чалавека, спосабах узаемадзеяння чалавека і СМІ, мэтах, якія павінны быць дасягнутымі СМІ.

Для верніка, які кіруецца ў сваім жыцці Евангеллем, мэта СМІ адназначная: у першую чаргу гэта прыняцце і перадаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў і вартасцяў у духу братэрскай любові, якой вучыць нас Езус Хрыстус.

Святы Ян Павел II у 2002 годзе ў Звароце на XXXVI Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі казаў:

“Дзякуючы Інтэрнэту на мільёнах манітораў на нашай планеце з’яўляюцца мільярды вобразаў. З гэтай галактыкі малюнкаў і гукаў ці будзе выяўляцца асоба Хрыста і ці можна будзе пачуць Яго голас? Свет пазнае Добрую вестку пра збаўленне толькі тады, калі зможа ўбачыць твар Хрыста і пачуць Яго голас. Гэта і ёсць мэта евангелізацыі. Інтэрнэт, які выкарыстоўваецца такім чынам, стане сапраўднай чалавечай прасторай. Бо там, дзе няма месца для Хрыста, там няма месца і для чалавека”.

Перад каталіцкімі сродкамі масавай інфармацыі стаяць у асноўным дзве задачы: раскрываць годнасць чалавечай асобы, створанай па вобразе і падабенстве Божым, і пераказваць праўду.

Трэба паказаць сапраўдную годнасць чалавека, які не з’яўляецца рэччу, суб’ектам, прадметам, мэтаю або сродкам, а з’яўляецца асобай, адкупленай пакутамі і смерцю Хрыста на Крыжы. Трэба распаўсюджваць праўду пра тое, што духоўнасць чалавека павінна панаваць над цялеснымі інстынктамі і паводзінамі. Трэба клапаціцца аб тым, каб у СМІ чалавека прызнавалі і паважалі ад самога зачацця і да натуральнай смерці. Гэта і ёсць рэалізацыя закліку Хрыста стаць на абарону прыгнечаных і абяздоленых, схіліцца над людской нястачай і прыгнечанасцю, праявіць міласэрнасць і абвяшчаць справядлівасць.

кс. Аляксандр Улас, Радыё Марыя

для друку для друку