Імша Хрызма для прэзбітэрыя Віцебскага касцёла прайшла ў Глыбокім

У Вялікую сераду, 8 красавіка ў глыбоцкім парафіяльным касцёле Святой Тройцы пры ўдзеле дзеканаў і некаторых святароў біскуп Алег Буткевіч канцэлебраваў святую Імшу Хрызма.

На пачатку Эўхарыстыі біскуп Алег звярнуўся да прысутных з заклікам, што нягледзячы на трываючыя выпрабаванні для ўсяго свету, трэба імкнуцца трываць у малітве, і «знакам таго ёсць сёння гэта супольная малітва».

“Збіраемся, каб прасіць Бога аб бласлаўленні алеяў. Важны знак, які павінен у гэты час умацаваць у веры, у тое, што Бог не пакідае чалавека, што ёсць з намі, гатовы падтрымаць, далей прымаючы ў супольнасць свайго Касцёла праз намашчэнне алеем Хрызма і аздараўляючы, гледзячы на нашу веру, праз знак намашчэння алеем хворых”, — падкрэсліў біскуп Віцебскі.

Падчас Эўхарыстыі іерарх асаблівым чынам маліўся аб ласцы моцнай веры, каб святары, памятаючы адкуль узяты і да чаго пакліканыя, былі знакам для людзей. Бо вера ксяндза – гэта падтрымка і яна павінна стаць фундаментам для іншых людзей, каб у хвіліне выпрабаванняў не траплялі ў роспач, каб не паддаваліся паніцы, але спадзяваліся на Езуса Хрыста.

У сваёй гаміліі пастыр дыяцэзіі звярнуў увагу на ўдзел у святарстве Хрыста, што азначае дзейнічаць у Яго моцы.

«“Ласка вам і спакой ад Езуса Хрыста” – вось гэта місія да якой мы пакліканы, і якую павінны абвяшчаць людзям. Нясем ласку і спакой. Не спакой, які будзе папярэднічаць паніцы, каб нічога не адбывалася, а спакой таму, што мы не застаемся адны. Гэта момант, калі мы павінны прасіць ласкі ўмацавання нашай веры. Каб яна (вера святароў) была ўмацаваннем веры нашых вернікаў. Менавіта наша вера павінна быць паратункам для людзей. Захоўваем усе меры бяспекі, але не губляем веры. Бо яна павінна быць для нас крыніцай супакою і надзеі на час выпрабавання. Такія часы ў жыцці чалавецтва здараюцца.

І сёння гэта экзамен для свету, экзамен для Касцёла, экзамен для вернікаў, экзамен для святароў і біскупаў», — адзначыў біскуп Алег.

Іерарх таксама падкрэсліў, што ксяндзы дзеканы і святары, якія адважыліся прыехаць у Глыбокае, падчас аднаўленне святарскіх абяцанняў будуць выступаць ад імя тых, каго няма. “Трэба ўсвядоміць і адчуць гэту адказнасць за сваіх братоў. Той момант выпрабаванняў павінен нас паяднаць, хоць бачым у свеце, што сітуацыя пачынае вельмі моцна дзяліць людзей. Для нас няхай гэты момант будзе такой салідарнасцю і паяднаннем у малітве, адказнасцю адзін за аднаго.”

Пасля гаміліі святары аднавілі свае святарскія абяцанні.

Галоўным момантам у Імшы Хрызма з’яўляецца асвячэнне алеяў хворых і катэхуменаў, а таксама бласлаўленне алею Хрызма.

Завяршаецца час Вялікага Посту, які рыхтаваў да Велікодных Святаў, і які ў гэтым годзе пазначаны выклікам эпідэміі каранавірусу. Біскуп Алег падзякаваў за адказнасць і зразуменне ўведзеных патрабаванняў у сувязі з узніклай сітуацыяй, а таксама нагадаў, каб для людзей стараліся быць падтрымкай. Каб па меры магчымасці там, дзе вернікі не прыходзяць у касцёл, не зачыняць дзверы святыні, каб, будучы нават дома, трывалі на малітве – гэта будзе для нас паратункам. На заканчэнне біскуп Алег папрасіў святароў, захоўваючы ўсе меры бяспекі, не адмаўляць вернікам магчымасці малітвы. І падчас Пасхальнага Трыдуума ў сваіх касцёлах пастарацца быць гэтымі сведкамі веры.

Напрыканцы ўрачыстай Літургіі кс. Мікалай Ціхановіч ад імя ўсіх святароў склаў словы віншавання пастыру дыяцэзіі з Днём устанаўлення сакраманта святарства.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку