Імша для пілігрымаў адбылася ў Будславе

DSCF4977Святую Імшу, якая адбылася ў 18 гадзін 1 ліпеня, узначаліў арцыбіскуп Віленскі Гінтарас Грушас.

На ёй прысутнічалі святары, якія прыбылі разам з пілігрымкамі, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, архімандрыт Сяргей Гаек, прадстаўнікі праваслаўнай царквы і свецкай улады і, вядома, усе пілігрымы.

Напачатку Імшы дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB прывітаў пілігрымаў і адзначыў, што іх прысутнасць ёсць знакам таго, што на Беларусі Бог жыве. Асаблівае значэнне маюць пілігрымкі ў сёлетні год – Год Божай Міласэрнасці. Ён падзякаваў Богу за тое, што 25 гадоў таму адбылося аднаўленне касцёльных структур на Беларусі.

Святая Імша вялася на лацінскай і беларускай мовах. У сваім слове да вернікаў арцыбіскуп Віленскі адзначыў, што прыбыў на ўрачыстасць ад Маці Божай Вострабрамскай да Маці Божай Будслаўскай. “Яна не толькі Маці Божая, але і Маці Касцёла, наша Маці”, — падкрэсліў іерарх.

Ён распавёў цікавую гісторыю пра Боба, які разам з жонкай пайшоў у рэстарацыю, пакінуўшы дваіх малых дзяцей разам з нянькай. Сам Боб быў добры чалавек, але меў лысіну. Нянька загледзелася тэлевізар, а маленькі хлопчык узяў бацькаву электрабрытву і пагаліў галаву сабе і маленькай сястры. Пабачыўшы гэта, бацька вельмі разгневаўся і хацеў пакараць сына. Але той заплакаў і сказаў бацьку, што яны вельмі хацелі быць падобнымі да яго. Тады бацька заплакаў і абняў сына.

Гэты прыклад ёсць напамінам нам, што і мы павінны імкнуцца быць падобнымі да Бога Айца ў яго міласэрнасці.

Напрыканцы Імшы ўсе яе ўдзельнікі віталі пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў з розных куточкаў нашай краіны. Самай вялікай была пілігрымка з Маладзечна, якая прайшла 100 кіламетраў за чатыры дні і налічвала 300 чалавек.

А самай старэйшай пілігрымкай з Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца пілігрымка з Браслава, якая прыйшла ў Будслаў у 26 раз. Сёлета пілігрымка налічвала 100 чалавек.

Самай вялікай з Віцебскай дыяцэзіі была пілігрымка з Глыбокага, якая налічвала 2 сотні чалавек.

Усяго ў Будслаў прыйшло больш за дзве з паловай тысячы пілігрымаў. Гэта ў асноўным моладзь, а гэта значыць, што ў Касцёла на Беларусі ёсць будучыня.

Зміце Лупач, тэкст і фота

Ірына Грэйць, фота

для друку для друку