Імкніся несці спакой…

Хрыстус пытаецца: “Ці любіш Мяне больш?..”
Не бойся сказаць Хрысту “так”.
Хаця гэта любоў, якая патрабуе,
не бойся любіць Хрыста.

(святы Ян Павел ІІ)

Няма чалавека, які б не любіў, але можна спытацца: што любіць? Нам трэба выбраць прадмет нашай любові. Праўда пра ўваскрасенне Хрыста, якую мы ўзгадваем у кожную нядзелю, а асабліва калі перажываем Велікодны перыяд, дапамагае нам у праяўленні Божай любові да чалавека знаходзіць не толькі прадмет нашай любові, але і вучыцца любіць Пана Бога, бліжніх і будаваць сяброўскія адносіны.

І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач. Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра. Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 35-38).

Езус быў акружаны натоўпамі, што падарожнічалі без усялякага накірунку, без ініцыятывы. Так было ўчора, так ёсць і сёння… Яму спадарожнічае група вучняў, якія большменш трымаюцца менавіта Езуса, але гэта Езус прапануе сваім вучням, і тым учарашнім, і тым сённяшнім, сваё сяброўства.

Ініцыятыва заўсёды зыходзіць ад Пана. Ягонае сяброўства з’яўляецца чыстай ласкай. Менавіта ў межах гэтага сяброўства з Езусам перажываецца хрысціянская малітва. Якой бы ні была мова малітвы (словы, спеў, жэсты, позіркі, маўчанне), тым, хто моліцца, ёсць увесь чалавек, але цэнтрам, дзе нараджаецца і развіваецца малітва (і сяброўства), ёсць сэрца. «Малітва заключаецца не ў тым, каб шмат думаць, але каб шмат любіць», — навучае св. Тэрэза ад Езуса, доктар Касцёла.

Малітва і размова з Богам — гэта найвышэйшае дабро. Як вочы цела, гледзячы на святло, асвятляюцца, так і душа, што акунаецца ў Бога, атрымлівае асвятленне Яго беспамылковым святлом. Тут маецца на ўвазе малітва, якая не ёсць прывычкай, але вынікае з глыбіні душы, малітва, якая не абмяжоўваецца акрэсленымі гадзінамі, але трывае няспынна, удзень і ўначы.

Нашы думкі павінны быць звернуты да Бога не толькі падчас малітоўнай засяроджанасці, але таксама і тады, калі мы занятыя знешнімі справамі, — такімі як клопат пра ўбогіх, апека над хворымі, калі цяжка працуем, напр., на будоўлі, на агародзе, калі прыбіраем, калі мыем посуд, вучымся, займаемся дабрачыннасцю і г. д., бо гэта таксама праяўленне нашай любові да Бога і бліжніх — можа, не ў звычайнай, але часта ў вельмі эфектыўнай форме. Таксама і тады нашы думкі павінны трываць пры Богу, каб тое, што робім, было прыпраўлена соллю Божай любові і цнотай пакоры, бо трэба памятаць, што злы дух не спіць і можа выкарыстаць нашае пачуццё самазадаволенасці, каб спарадзіць пыху.

Практыкуючы шчырую малітву, прышчапляй сваёй душы сціпласць і пакору, каб ззяла святлом справядлівасці. Аздабляй жыццё добрымі ўчынкамі, велікадушна і з радасцю дзяліся верай, памятаючы, што гэта не заслужаны табою дар Божы. Узіраючыся ў гэтыя дні на Уваскрослага Езуса, не бойся, але імкніся несці спакой усім, каго сустракаеш на сваім шляху. Любі і будзь сябрам Бога і кожнага чалавека праз малітву і працу, праз радасць сваёй веры і няспыннае ўваскрашэнне з духоўнай ляноты, штодзённасці і песімізму. Няхай Бог благаславіць, вядзе і падтрымлівае! Аллелюя!

а. Юрый Кулай OCD, ave-maria

для друку для друку