- Каталіцкі Веснік - http://catholicnews.by -

Іерархі дзеляцца думкамі пра Сінод па Амазоніі

[1]

Ілюстрацыйнае фота

Іерархі, якія бяруць удзел у Сінодзе Біскупаў па Амазоніі, падзяліліся сваімі назіраннямі і думкамі адносна пытанняў, пра якія ідзе гаворка на ватыканскай Асамблеі.

Самай “гарачай” аказалася тэма viri probati. “Гэтае пытанне, верагодна, стане прадметам значна больш дэталёвага аналізу, каб Касцёл выпрацаваў узгодненую пазіцыю, маючы на ўвазе не толькі перспектыву Амазоніі, але і паўсюдную”, — так пра ідэю ардынацыі жанатых мужчын сказаў кардынал Пітэр Тэрксан, прэфект Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека. Ён падкрэсліў, што праблемы, якія стаяць перад хрысціянамі ў Амазоніі, падобныя на тыя, з якімі сутыкаецца Касцёл у іншых частках свету.

У параўнанні з папярэдняй Асамблеяй, на бягучай няма вострай дыскусіі. Не існуе такіх пытанняў, якія выклікалі б абсалютную палярнасць меркаванняў сярод біскупаў. На гэта звярнуў увагу арцыбіскуп Рына Фізікела, які ў якасці старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі ўдзельнічаў ва ўсіх Сінодах гэтага пантыфікату.

Кажучы пра зробленыя прапановы, ён звярнуў асаблівую ўвагу на ідэю ўстанаўлення новага “амазонскага абраду” ў Касцёле. “Гэта азначае атрыманне ўрокаў з евангелізацыі, якая адпавядае культуры. Вядома, у Амазоніі шмат культур. Каб устанавіць абрад, трэба выявіць, што складае сутнасць дадзенай культуры, агульны назоўнік усіх карэнных народаў, каб яны маглі цэлебраваць літургію і іншыя сакраманты разам”, — заўважыў іерарх.

Сінод Біскупаў павінен выразна падкрэсліць, што асноўнай місіяй Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Езуса Хрыста як нашага Збаўцы, — лічыць кардынал Хорхэ Уроса. Хоць экалогія, сацыяльныя, культурныя і нават душпастырскія пытанні, якія тычацца служэння і кіравання ў Касцёле, важныя, яны з’яўляюцца другаснымі.

Па словах іерарха з Венесуэлы, дагэтуль не атрыманы поўны адказ на прычыны поспеху пратэстанцкіх супольнасцей у Амазоніі. Карэнныя народы цэняць грамадскую актыўнасць Каталіцкага Касцёла, але аддаюць перавагу пратэстанцкім Цэрквам.

Кардынал не мае нічога супраць стварэння “амазонскага абраду” ў літургіі, пры ўмове, што ён будзе добра падрыхтаваны, каб пазбегнуць сінкрэтызму. На яго думку, праяўленнем сінкрэтызму, на жаль, стала цырымоніяй, якая адбылася 4 кастрычніка 2019 г. у Ватыканскіх садах. Шкада, што, нягледзячы на шматлікую крытыку, ніхто з арганізатараў не растлумачыў, што гэта за рытуал. Магчымы “амазонскі абрад” павінен паважаць сакральную прыроду Эўхарыстыі, захоўваць яе асноўныя элементы, і хоць можна ўводзіць іншыя жэсты, ні адзін з іх не павінен быць падобны на анімістычныя практыкі, — адзначыў арцыбіскуп-эмерыт Каракаса.

Беларуская рэдакцыя Vatican News [2]