Іерарх: для запрашэння Папы ў Расію патрэбна згода РПЦ

Прэзідэнт Расіі не можа запрасіць Папу без падтрымкі Рускай Праваслаўнай Царквы, заўважыў арцыбіскуп Паола Пэцы, ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве.

Напярэдадні візіту Уладзіміра Пуціна ў Ватыкан, які адбудзецца 4 ліпеня гэтага года, іерарх даў кароткае інтэрв’ю Vatican News. Ён заўважыў, што сустрэча Папы і Прэзідэнта Расіі – гэта працяг дыялогу, які пачаўся даўно.

“Хоць я не ведаю павесткі дня сустрэчы, магу выказаць меркаванне, што падчас яе будуць закранацца пытанні, асабліва дарагія Святому Айцу: спрыянне міру, клопат аб супольным доме, абарона стварэння”, – сказаў арцыбіскуп.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць запрашэння Папы наведаць Расію, іерарх падкрэсліў, што неабходна не толькі жаданне дзяржаўных уладаў, але таксама зацікаўленасць у візіце з боку самай значнай у краіне рэлігійнай супольнасці.

“Да цяперашняга моманту мне здаецца, што з боку Рускай Праваслаўнай Царквы – найбольш значнага рэлігійнага элементу, – афіцыйнага запрашэння не было. Таму я не думаю, што Прэзідэнт Расіі можа зрабіць такі крок па ўласным жаданні, не маючы выразнай падтрымкі з боку Праваслаўнай Царквы”, – падзяліўся арцыбіскуп Пэцы.

Францішак сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным у трэці раз. Першы візіт расійскага лідэра ў Ватыкан праходзіў у лістападзе 2013 года, а другі – у чэрвені 2015 года. Акрамя таго Пуцін двойчы сустракаўся з Янам Паўлам ІІ – у 2000 і 2003 гадах і аднойчы з Бэнэдыктам XVI – у 2007 годзе.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку