Ідзе праца над першым дакументальным фільмам з удзелам Святога Айца

Нямецкі рэжысёр Вім Вэндэрс працуе над дакументальным фільмам з удзелам Святога Айца “Папа Францішак. Чалавек слова”. Аб гэтым паведамілі 19 мая 2017 г., у рамках Канскага кінафестывалю, прадстаўнікі амерыканскай кінакампаніі “Focus Features”, якія валодаюць правамі на кінастужку.

Гэта будзе першы дакументальны фільм з цяперашнім Пантыфікам у галоўнай ролі, і першы, у якім Францішак будзе звяртацца непасрэдна да аўдыторыі, разважаючы на тэмы экалогіі, міграцыі, спажывецтва і сацыяльнай справядлівасці, паведамляе каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “SIR”.

Аргентынскі кардынал Хорхэ Марыа Берголіа, які 13 сакавіка 2013 г. быў абраны 266-м Пантыфікам, зрабіў камунікацыю неад’емнай часткай Каталіцкага Касцёла і цэнтральным элементам сваёй дзейнасці. Таму новы фільм, які будзе ўключаць багаты відэаматэрыял з ватыканскага архіву, стане своеасаблівым падсумаваннем яго вучэння і стаўлення да шматлікіх праблем, што закранаюць розныя куткі свету.

“Вэндэрс перакананы, што свет становіцца чыстым ці брудным у залежнасці ад таго, як мы да яго падыходзім: і гэта той цяжар адказнасці, які мы нясём кожны раз, калі праглядаем яго дакументальныя працы”, — пракаментаваў прэфект Сакратарыяту па камунікацыі кс. Дарыё Вігано. Па яго словах, фільм “Папа Францішак. Чалавек слова” задуманы як “мост і абдымкі з людзьмі ўсіх веравызнанняў, культур, сацыяльных статусаў ці палітычных перакананняў”.

“Папа Францішак – жывы прыклад чалавека, які цвёрда прытрымліваецца таго, што кажа”, — сказаў, у сваю чаргу, сам рэжысёр. Па словах Віма Вэндэрса, неаднаразовыя працяглыя аўдыенцыі ў Святога Айца, якія адбыліся падчас працы над фільмам, натхнілі на тое, каб пераказваць аўдыторыі ва ўсім свеце “радыкальную спагаду і чалавечнасць” Пантыфіка.

У гэты час ідзе актыўная праца над фільмам “Папа Францішак. Чалавек слова”. Дакладная дата яго выхаду на экраны пакуль невядомая.

Вім Вэндэрс – неаднаразовы намінант на прэмію “Оскар”, уладальнік “Залатога льва” Венецыянскага кінафестывалю 1982 г. за стужку “Стан рэчаў”, “Залатой пальмавай галіны” Канскага кінафестывалю 1984 г. за фільм “Парыж, Тэхас”, прыза за лепшую рэжысуру за “Неба над Берлінам” (1987).

Ватыканскае Радыё

для друку для друку