Ідолта адсвяткавала парафіяльны фэст

idolta_fest4916 ліпеня ў парафіі Маці Божай Шкаплернай у Ідолце адбыўся фэст.  З розных куткоў Беларусі у гэтым годзе прыехалі сюды пілігрымы, каб пакланіцца абразу Маці Божай і папрасіць аб заступніцтве. Мне таксама пашчасціла там быць і праслаўляць Найсвяцейшую Панну. Ідолта сустрэла нас пяшчотным і лагодным сонейкам, у промнях якога ўзвышауся велічны храм, пабудаваны ў стылі мадэрн у 1939 годзе.

Святкаванне распачалося выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту, кожны прысутны мог скарыстацца з сакраманту споведзі.  Пасля адарацыі распачалася ўрачыстая святая Імша, якую узначаліў айцец Чэслаў Курачка, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы, разам з пробашчам Ідолцкай парафіі ксяндзом Вячаславам Пялінкам і святарамі, якія прыехалі з суседніх парафій.

idolta_fest11

Навуку да ўсіх прысутных прамовіў кс. Вячаслаў Барок з Віцебска. “Яшчэ задоўга да нараджэння Езуса Хрыста на гары Кармэль узнікла супольнасць пустэльнікаў, якіх пазней назвалі кармэлітамі. Яны вялі жыццё, поўнае малітвы і ўтаймавання цела ў духу прарока Іллі  і служэнне ў свабодзе братам, па прыкладзе Марыі. У першай палове 13 ст. пераслед з боку мусульманаў прымусіў манахаў пакінуць Святую Зямлю і перабрацца ў Еўропу, яны апынуліся перад рэальнаю пагрозай скасавання ордэну. Як, калісьці, прарок Ілля дачакаўся дажджу падчас засухі, так манахі дачакаліся цуду, якім было з’яўленне Маці Божай са шкаплерам”, — распавёў святар.

idolta_fest22

Сёння для нас Маці Божая з’яўляецца своеасаблівым дажджом, які абмывае нашыя душы ад правінаў, залечвае раны, ахінае плашчом і дорыць сілы для змагання з грахом і супрацьстаяння ідалам 20 стагоддзя.

“Бог хоча пасяліцца ў нашых дамах, нашых гарадах, нашай краіне. Забараніць можам толькі мы самі. Усе залежыць ад нашага выбару. Ён не хоча з намі ваяваць, а хоча проста, каб адчынілі свае сэрцы і пусцілі Яго.

Тыя ідалы, пад эгідай якіх руйнаваліся нашыя святыні і што важней Жывы Касцёл, цяпер стаяць на нашых вуліцах. І далей так і жывем – ідзем па Леніна, потым зварочваем на Камуністычную, каб пасля прайсці на Савецкую і г.д. У жыцці чалавека веруючага немагчыма ў нашым свеце паяднаць гэтых двух рэчаў. Немагчыма зараз тут паставіць Богу свечку, а выйшаўшы са святыні – д’яблу паставіць агарак. Гэта немагчыма!  Гісторыя Біблійная вучыць, што калі чалавек адыходзіць ад Бога і з’яўляецца ідал, то знікае Божае блаславенства. Каб Бог пасяліўся нанова ў нашых сэрцах, у сэрцы чалавека павінен нарадзіцца дастойны плод пакаяння за мінулае. Чалавек павінен зруйнаваць ідалаў, каб на гэтым месцы ў сэрцы мог пасяліцца Бог”, — заклікаў кс. Вячаслаў Барок.

Святочную Імшу сваім спевам упрыгожыў парафіяльны хор «Ave Maria» з Глыбокага.

Пасля Святой Камуніі вернікі рушылі ў Эўхарыстычнай працэсіі вакол святыні, якая скончылася гімнам Te Deum. Пасля благаславення Найсвяцейшым Сакрамантам пробашч парафіі кс. Вячаслаў запрасіў пілігрымаў на маленькі пачастунак, які прыгатавалі вернікі парафіі.

Марыя Садоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку