Ідалы, якія крадуць свабоду

Вывесці народ з Егіпта было для Бога лягчэй, чым выдаліць Егіпет з сэрца народа, адзначыў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 8 жніўня 2018 года прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы гаворку аб першай Божай запаведзі – “Не май іншых багоў, апроч Мяне”, – Святы Айцец, як і на мінулым тыдні, засяродзіў увагу на праблеме ідалапаклонства, спаслаўшыся на старазапаветную гісторыю пра залатога цяльца (Зых 32,1-8). Папа заўважыў, што юдэі збудавалі ідала ў дакладна акрэсленым месцы – пустыні.

“Што такое пустыня? Гэта месца, дзе пануюць нястача і небяспека. У пустыні няма нічога: няма вады, няма ежы, няма прыстанішча. Пустыня – гэта вобраз чалавечага жыцця, стан якога няўпэўнены, якое не мае непарушных гарантый. Гэта небяспека нараджае ў чалавеку трывогу за свае першасныя патрэбы, якія Езус узгадвае ў Евангеллі: “Што будзем есці?”, “Што будзем піць?”, “Што апранем?”, — нагадаў Пантыфік.

Апынуўшыся ў такой сітуацыі, юдэі шукалі хоць нейкую кропку апоры. Майсей, які быў іх лідарам і кіраўніком, узышоў на гару Сінай і не вяртаўся ўжо сорак дзён. Тады яны папрасілі Аарона даць ім “бачнага бога”, і той зрабіў залатога цяльца.

Папа распавёў, што на старажытным Усходзе цялец меў падвойнае значэнне: з аднаго боку ён сімвалізаваў плённасць і дастатак, а з іншага, энергію і сілу. Золата, у сваю чаргу – сімвал багацця, поспеху, улады і грошай.

“Гэта вялікія ідалы: поспех, улада і грошы. Гэта вечныя спакусы. Вось, хто такі залаты цялец: сімвал усіх жаданняў, што ствараюць ілюзію свабоды, але на самой справе знявольваюць, бо ідалы заўсёды пазбаўляюць свабоды”, — падкрэсліў Пантыфік.

“Калі Бог не на першым месцы, мы з лёгкасцю ўпадаем у ідалапаклонства і задавольваемся мізэрнымі гарантыямі. Гэта спакуса, якую мы пастаянна сустракаем на старонках Бібліі. Добра падумайце пра гэта: вывесці народ з Егіпта не каштавала Богу вялікіх высілкаў. Ён зрабіў гэта праз знакі магутнасці і любові. Але вялікай працы Богу каштавала тое, каб выдаліць Егіпет з сэрца народу, гэта значыць выкінуць ідалапаклонства з сэрца народа. І Бог працягвае працаваць над тым, каб выдаліць яго з нашых сэрцаў”, — сцвердзіў Францішак.

Паводле Святога Айца, калі прымаем Бога Езуса Хрыста, Які, будучы багатым, стаў бедным дзеля нас, адкрываем, што прызнанне ўласнай слабасці, гэта не няшчасце, але ўмова для адкрытасці на Таго, Хто па-сапраўднаму моцны.

“Такім чынам, праз браму слабасці ўваходзіць Божае збаўленне. У сілу сваёй несамадастатковасці, чалавек адкрываецца на айцоўства Бога”, — сказаў Папа.

“Свабода чалавека нараджаецца, калі ён дазваляе сапраўднаму Богу быць сваім адзіным Панам. Гэта дае магчымасць прыняць уласную кволасць і выкінуць ідалаў з сэрца”, — дадаў ён.

Францішак заўважыў, што мы, хрысціяне, скіроўваем позірк на Укрыжаванага Хрыста – слабога, пагарджанага і пазбаўленага ўсяго. “Але ў Ім адкрываецца аблічча сапраўднага Бога, хвала любові, а не бліскучага падману. Ісая кажа: “і ў ранах яго мы атрымалі здароўе”, — нагадаў ён.

“Наша аздараўленне паходзіць ад Таго, Які стаў бедным, прыняў паразу, да канца прыняў нашу нястачу, каб напоўніць яе любоўю і сілай. Ён прыходзіць, каб адкрыць нам бацькоўства Бога. У Хрысце наша слабасць больш не з’яўляецца праклёнам, але месцам сустрэчы з Айцом і крыніцай новай сілы з неба”, — падкрэсліў Святы Айцец.

Завяршаючы агульную аўдыенцыю, Папа Францішак прывітаў прысутных у ватыканскай Зале Паўла VI пілігрымаў з розных частак свету і ўдзяліў усім сабраным сваё благаслаўленне.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку