І зноў арган гучыць у Мёрскай святыні

OrganУ Мёрскім касцёле пасля працяглага перапынку — больш 10 год — зноў загучаў арган. Рамонтам музычнага літургічнага інструмента займаўся майстар з Вільні — спецыяліст па рамонце і рэстаўрацыі касцёльных і канцэртных арганаў Бернард Тэрмэн.

«Ажыўленне» змоўклага некалькі год таму інструмента сімвалічна прыпала на дзень успамінаў пра апякунку касцёльнай музыкі — святой Цэцыліі, які традыцыйна адзначаецца 22 лістапада.

 

Цэцылія

Такая выява святой Цэцыліі змешчана на хорах у касцёле

Ужо на наступны дзень, у нядзелю, Святыя імшы суправаджаліся арганным гучаннем. Апоўдні на ім сыграў канцэртную праграму піяніст, арганіст, літоўскі кампазітар Аляксандр Ісакаў. Ён выканаў творы такіх знакамітасцей як Рэгер, Бах, Янчанка, Агдэн. Добрая акустыка дазваляла мелодыям гучаць выразна і даносіць настрой да вернікаў, якія шчодра аддзячвалі маэстра апладысментамі. Дарэчы, Аляксандр Ісакаў выступіў з канцэртам 11 снежня ў Віцебскай філармоніі, на які быў запрошаны і міёрскі парафіяльны хор «Fiat».

арганіст

Ля аргана Мёрскай святыні — спецыяліст па рамонце Бернард Тэрмэн, а грае на інструменце Аляксандр Ісакаў

 

 

арган

арган у Мёрскім касцёле

Адкруціць стужку падзей.

На жаль, дакладную гісторыю з’яўлення аргана ў Міёрскім касцёле ніхто не ведае і дакументальна яна нідзе не занатавана. Аднак некаторыя факты ўсё ж захаваліся. Мясцовы гісторык і краязнаўца Вітольд Антонавіч Ермалёнак распавёў, што ў 1915 годзе ўладальнік маёнтка Каменполле Святаполк Мірскі на арган у святыню выдаткаваў грошы — 10 тысяч рублёў срэбрам. Таму можна меркаваць, што арган сёлета ці магчыма на наступны год адзначыць стогадовы юбілей. Гэта што датычыцца механічнай часткі інструмента, а яго драўляны корпус быў выраблены ў 1906-1907 гадах, калі ўзводзілася святыня.

Bagovich

Ігнацый Баговіч

Безумоўна, калі няма чалавека, які заіграе на інструменце, музыка сама з яго не паліецца. За векавую гісторыю касцёла вядомыя прозвішчы нешматлікіх арганістаў, якія працяглы час упрыгожвалі набожныя літургіі велічным музычным тонам. У 1940-ыя гэта быў Ігнацый Баговіч, а яго сваячка Альдона Іванаўна Рачыцкая ў паважаным узросце і зараз спявае на ранішняй польскай службе. З 1956 па 2000 гады іграў на аргане Казімір Грабоўскі, родны брат ксяндза Яна Грабоўскага, які працаваў у Мёрах.

На аргане граў амаль паўстагоддзя.

Graboyski

Казімір Грабоўскі

Жыццё арганіста Казіміра Грабоўскага не было лёгкім. Нарадзіўся ён у шматдзетнай сям’і ў Лідзе, што на Гродзеншчыне, тады гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад Польшчы.

Вучыўся ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах. Хлопчыкам рос здольным, а таму музычную навуку засвойваў добра і хутка. Акрамя фартэпіяна, навучыўся граць на трубе, скрыпцы і мандаліне. Вельмі любіў футбол.

Далей былі неспакойныя падзеі другой Сусветнай вайны. Ваяваў у арміі Краёвай. Трапіў у савецкі лагер на Калыму, дзе што-дзень паміралі ад голаду людзі. Пра жахі таго часу Казімір Грабоўскі ўзгадваў пры жыцці сваім дзецям, распавядаў як цудам уратаваўся ад кулі: «Быў так знясілены, што, цягнучы ваганетку, упаў.

Такіх слабых з вышкі расстрэльвалі, але адзін салдат дапамог узняцца, даў палову бохана хлеба са словамі «ты яшчэ малады, вытрымаеш, жыві…».

Пра падзеі 1950-ых з аповедаў бацькоў ведае дачка Казіміра Грабоўскага Галіна: «Міёрскі касцёл выкарыстоўваўся савецкімі ўладамі пад зернясховішча. Вернікі сталі клапаціцца аб вяртанні святыні для малітвы. Мёрская моладзь сабрала подпісы і мая маці Ядвіга накіравалася ў абласны цэнтр з прашэннем даць парафіі святара.

Просьба была разгледжана і ў хуткім часе на душпастырскую працу быў накіраваны Ян Грабоўскі, які раней быў зняволены ў лагеры, але ў час Хрушчоўскай адлігі з-за недахопу доказу віны — вызвалены. Ксёндз Ян і запрасіў у Мёры арганістам свайго роднага брата Казіміра.

Так склаўся лёс, што гэты чалавек і стаў для маёй маці добрым мужам, пра якога яна ў той час прасіла Бога. Аднак у тую пару рэлігія перажывала цяжкі перыяд. Дзяцей забаранялася вадзіць у касцёл і штраф за непаслушэнства быў устаноўлены — 50 рублёў. Але людзі не пакідалі сваёй вернасці Богу — захоўвалі веру, маліліся, спявалі ў хоры. Дарэчы, на рэпетыцыі збіраліся нават часцей чым два разы на тыдзень. Шмат спявала не толькі жанчын, але і мужчын. Па календары харысты разам адзначалі і рэлігійныя святы».

Ішоў час. Ганенні мінулі, захавалася і вера. Людзі, якія заставаліся адданымі Богу, перадалі свае пачуцці да яго наступным пакаленням. Выкладчыца школы мастацтваў Галіна Казіміраўна ў дзявоцтве Грабоўская, а цяпер Шокель, як кажуць, «вырасла» ў святыні, куды з маленства яе вадзіў тата. Яна зараз спявае і часта саліруе ў парафіяльным хоры «Fiat». Яе бацькі — Казіміра Грабоўскага не стала ў 2000 годзе. На службах у мёрскім касцёле ён іграў на аргане да апошняга. Перад адыходам вельмі радаваўся, што змена будзе, якраз тады прыехала працаваць арганісткай Анджэла Кіпрушава.

«Учора і сёння»

Кіпрушава+Грабоўская

Арганістка А. Кіпрушава, на другім плане — Г. Шокель (Грабоўская).

Казімір Грабоўскі ўпрагожваў спевамі набажэнствы па-польску. Варта згадаць і той факт, што пры ксяндзу Уладзіславу Пятрайцісу служба была перакладзена на беларускую мову, з 1987 па 1990 гады на беларускамоўную імшу была запрошана арганістка Марыя Скуратовіч з Мінска. Яна перакладала на родную мову і некаторыя польскія песні, для развучвання іх з мясцовай моладдзю. Пасля па некалькі год ігралі падчас імшаў на беларускай мове сёстры Ганна, Юлія і Вераніка Александровічы. Зараз яны жывуць і працуюць у Мінску, а іх бацькі Алена Іванаўна і Франц Ігнатавіч па-ранейшаму спяваюць у хоры на ранішняй польскай службе.

Анджэла Кіпрушава арганісткай у касцёле працуе ўжо амаль пятнаццаць год. Яна — ініцыятар стварэння парафіяльнага хору «Fiat», які за сваю невялікую гісторыю спяваў на службах у касцёлах Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Францыі і іншых краінах блізкага замежжа. З бласлаўлення вышэйшых касцёльных улад і пробашча парафіі ксяндза Крыштафа Міянкіны выдадзены на літургічныя гады «Псальмы» з нотамі на кожную нядзелю, святы і ўрачыстасці, некалькі зборнікаў літургічных спеўнікаў на польскай і беларускай мовах, а таксама асобна—для дзяцей і моладзі.

З успамінаў парафіян…

Тэрэзе Вішнеўскай з вёскі Каменполле, што непадалёк ад раённага цэнтра ўжо больш за 80 гадоў. Яна з маленства з бацькамі кожную нядзелю і ў святочныя дні хадзіла ў мёрскі касцёл. Прыгадвае, што непасрэдна перад службай у будынку плябаніі, дзе зараз размяшчаецца радзільны дом, праводзіліся рэпетыцыі хору. Жанчына не спявала ў ім, але памятае як ксёндз Ян Завітоўскі, што працаваў у Мёрах з 1941 па 1949 гады, на нядзельнай службе заўсёды прызначаў, з якой бліжэйшай вёскі будуць спяваць вернікі на набажэнстве ўжо ў наступную нядзелю. Тым самым была ўстаноўлена чарга…

Гэнавэфа Федуковіч узгадвае, што ў час дзейнасці ксяндза Яна Грабоўскага быў праведзены рамонт аргана. Яна працавала пры касцёле, была даверанай асобай. У камуністычныя часы такі рамонт рабілі тайна, не маглі нават паклікаць каго з мужчын, бо маглі тыя пазбавіцца месца працы. Таму шчуплай жанчынцы Гэнавэфе прыйшлося ўручную “накачваць мяхі” пакуль майстра выконваў некаторыя работы па рамонце інструмента. На жаль, хто займаўся тым рамотнам, спадарыня Гэнавэфа дакладна не памятае, мінула шмат год.

Памяць пра памерлых арганістаў Ігнацыя Баговіча і Казіміра Грабоўскага шануюць парафіяне ў Мёрах, бо фотаздымкі з іх партрэтамі размешчаны на хорах, таксама там прымацаваны абраз святой Цэцыліі і малітва да апякункі харыстаў і арганістаў.

Вольга Вішнеўская, тэкст;
Фота Казімір Блажэвіч, Вольга Вішнеўская, фота.

для друку для друку