І кветкі хваляць Пана: у Росіцы ў трэці раз прайшло свята кветак і ўраджаю

Сёлетняе свята супала з дзесяцігадовым юбілеем служэння ксяндза Чэслава Курэчкі ў Росіцы.

Каб павіншаваць айца Чэслава і прыняць удзел у святочным богаслужэнні, у Росіцу прыехала шмат святароў і вернікаў.

Перад святой Імшой айцец Сяргей Мацюшонак пазнаёміў вернікаў з жыццёвым шляхам святога Францішка Азіскага, які жыў на мяжы XII – XIII стагоддзяў і быў вядомы сваёй пашанай да ўсяго жывога. Гэтага святога можна лічыць апекуном жывой прыроды.

У Росіцы ўзгадваць імя святога было асабліва актуальным, бо айцец Чэслаў шмат зрабіў за гэтыя дзесяць гадоў для таго, каб гэта зямля стала яшчэ прыгажэйшай.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, слова да вернікаў прамовіў айцец Сяргей Мацюшонак.

У сваім слове святар узгадаў найперш подзвіг двух айцоў-марыянаў – Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Гэтыя ксяндзы маглі застацца жывымі, але яны раздзялілі лёс сваіх вернікаў. Святары да канца былі з жыхарамі Росіцы, сярод якіх былі людзі як веруючыя, так і няверуючыя, і добраахвотна пайшлі разам з імі ў агонь.

Нагадаем, што зімой 1943 года карнікі праводзілі аперацыю супраць партызан, калі былі спалены шмат вёсак разам з людзьмі. Не мінуў гэты трагічны лёс і Росіцу, дзе ў агні загінула амаль паўтары тысячы чалавек. Карнікі хацелі адпусціць ксяндзоў, але яны свядома засталіся разам з вернікамі.

“Гэтыя святары не былі супергероямі або нейкімі незвычайнымі людзьмі, — адзначыў айцец Сяргей, — але яны дазволілі Богу дзейнічаць праз іх. Вядома, я нікому не пажадаю патрапіць у такую сітуацыю, калі прыйдзецца выбіраць паміж жыццём і смерцю, але варта ў такіх выпадках даверыцца Богу і дазволіць яму дзейнічаць праз нас.

Часта, калі здараецца нейкае няшчасце, мы пачынаем наракаць на Бога за тое, што ён нас пакінуў. Але Бог якраз у такіх сітуацыях знаходзіцца найбліжэй да нас. Трэба толькі мець у сабе моцны падмурак веры.”

З гэтай нагоды святар нагадаў урывак з Евангелля ад Лукі, які чытаўся падчас Імшы, дзе Езус кажа сваім вучням: “Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу? Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго. Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны. А  той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне дому гэтага”.

Таму хай прыклад блаславёных мучанікаў Антонія і Юрыя дапамагае нам мець гэты падмурак веры ў жыцці, каб з Росіцы мы вярталіся ўзмоцненыя духам.

Напрыканцы Імшы а. Чэслаў падзякаваў усім святарам і пілігрымам, што прыбылі ў гэты дзень у Росіцу. Гэта госці з бліжэйшых і далёкіх парафій: з Сар’і, Бігосава, Верхнедзвінска, Асвеі, Друі, Глыбокага, Полацка, Віцебска, Браслава, усіх і не пералічыць. Усіх святар запрасіў на грыбную поліўку, якую ён варыць па свайму адмысловаму рэцэпту.

Пілігрымы з Друйска і Друі падаравалі пробашчу карціну, дзе змешчаны выявы святых мучанікаў ксяндзоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

Перад блаславеннем, якое ўдзяліў вернікам ксёндз Віктар, ён перадаў усім прывітанне ад біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. А апекуну Росіцкага санктуарыя ён перадаў асаблівую падзяку, адзначыўшы, што за яго працу яму трэба залічыць год за два, а можа нават і за тры. Бо менавіта дзякуючы працы святара гэта спаленая зямля змагла зноў расквітнець.

Закончылася богаслужэнне спевам “Малюся за цябе, Беларусь”. А ўсіх гасцей яшчэ чакаў пачастунак на свежым паветры.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота

для друку для друку