«І кветкі хваляць Пана»: у Росіцы дзякавалі Богу за прыгажосць кветак

rosica_kvetki01

У другі раз у Росіцы прайшоў фестываль кветак. 17 верасня айцец Чэслаў Курэчка МІС зноў вітаў пілігрымаў, якія прыбылі ў касцёл Святой Тройцы на Верхнядзвіншыну, каб дзякаваць Богу за кветкі, іх прыгажосць і сёлетні ўраджай.

Святар-кветкавод разам са сваімі парафіянамі і валанцерамі-пілігрымамі ў ваколіцах касцёла вырошчваюць больш за 200 відаў розных кветак і саджанцаў.

Свята распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту і Ружанцовай малітвай з разважаннямі св. Станіслава Папчынскага, рэліквіі і абраз якога знаходзяцца ў святыні. Падчас малітвы многія вернікі скарысталі магчымасцю сакраманту споведзі.

Апоўдні распачалася св. Імша, якую ўзначаліў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. пралат Францішак Кісель з Полацка.

Гамілію прамовіў кс. Вячаслаў Пялінак з Ідолты. “Хтосьці захапляецца кнігамі, а іншыя не; хтосьці слухае музыку, а іншы любіць цішыню. А кветкамі захапляюцца амаль усе людзі, — распачаў святар. – Кветкі маюць вельмі важны сімвалічны сэнс. Бо ў Росіцы яны растуць на крыві і слязах, на попеле, дзе раней была жорсткасць і смерць, а цяпер яны квітнеюць як сімвал перамогі.”

rosica_kvetki10

Кс. Вячаслаў таксама ўзгадаў другі санктуарый, які таксама “патанае” ў прыгажосці, — св. Ганны ў Мосары, што на Глыбоччыне. Колькі малітвы і ахвяры вернікаў было там узнесена падчас савецкіх часоў! Можна ўявіць сабе колькасць пілігрымаў: тыя, хто прыходзілі ўшанаваць рэліквіі св. Юстына, павінны былі выстаяць у чарзе каля трох гадзін. Але настаў час, і Мосар стаў прыгожым і вядомым дзякуючы працы чалавечых рук.

На заканчэнне прамовы святар падкрэсліў, што трэба працаваць і над сабой. “Вельмі важна не прапусціць этап узросту. Кветкі не толькі трэба пасадзіць — і ўсё, яны будуць прыгожыя. Неабходна палоць, паліваць, даглядаць, часам са стомай і потам. Але толькі тады можна ўбачыць вынік сваёй працы. Так і чалавек. Мала толькі давесці дзіця да І Святой Камуніі. Неабходна “даглядаць” яго і самому працаваць над сабой увесь час.”

Свята кветак пакуль збірае ў асноўным вернікаў з Віцебскай дыяцэзіі (Полацк, Наваполацк, Глыбокае, Мёры, Браслаў, Верхнядзвінск, Мосар), але сёння сюды прыбылі парафіяне з Мар’інай Горкі разам з кс. Генрыхам Кучынскім і з Беразінскага разам з кс. Сяргеем Бараўнёвым.

Многія госці росіцкага свята з’яўляюцца памагатымі ў працы па вырошчванні кветак. Нягледзячы на далёкую адлегласць, іх цягне сюды адчуванне супакою, захапленне прыгажосцю і прагненне дапамагаць.

rosica_kvetki23

На заканчэнне св. Імшы, апякун Росіцкага санктуарыя распавёў аб сваіх марах. Адна з іх, каб у Росіцы раслі ніцыя вербы і быў створаны ансамбль задумы, слёз, адчаю, смутку і рэфлексіі. Колькі разоў святар не прывозіў і не высаджваў, засыхалі ці не прыжываліся. Вынік адзін: Росіца больш не хоча плакаць!

Пасля малітоўнай часткі святкаванне працягнулася ў мясцовым клубе. Цікавую праграму “Аб чым кажуць кветкі” з віктарынай і музычнымі нумарамі прадставілі артысты з Росіцы і Сар’і.

Скончылася імпрэза агульным пачастункам ля вогнішча, дзе галоўнай стравай была грыбная поліўка ад а. Чэслава.

rosica_kvetki35

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку