- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

«Хваліце Пана, бо навекі міласэрнасць Ягоная!»: свята Божай Міласэрнасці адзначылі ў Лучаі

luczaj_milasernasc11 [1]У першую нядзелю пасля Вялікадня каталіцкі свет перажывае свята Божай Міласэрнасці. Усталяванае яно па просьбе самога Пана Езуса, які падчас аб’яўленняў святой Фаўстыне Кавальскай, неаднаразова заклікаў: «Я жадаю, каб было свята Божай Міласэрнасці». Сярод іншых формаў ушанавання Божай Міласэрнасці — гэта свята з’яўляецца самай важнай. 

У лучайскім касцёле святога Юды Тадэвуша, Апостала, падчас нядзельнай Літургіі маліліся ў інтэнцыі ўдзельнікаў малітоўнага апостальства «Маргарыткі» і за святароў, за якіх паўсталі малітоўныя групы. А таксама святая Імша адпраўлялася аб Божым бласлаўленні для ксяндза Мікалая, які неўзабаве адзначыць дзявятую гадавіну святарства.

Гамілію святар прысвяціў тэме Божай Міласэрнасці, якая цесна звязана з таямніцай Уваскрасення.

Напрыканцы набажэнства парафіяне і землякі з Шаркаўшчыны павіншавалі ксяндза Мікалая з чарговай гадавінай святарства. Шаркаўшчынская паэтка Кацярына Сосна падаравала чарговы верш-віншаванне. Дарэчы, аўтарка з’яўляецца і ўдзельніцай «Маргарытак», моліцца ў інтэнцыі ксяндза Мікалая. Сімвалам малітоўнага руху з’яўляецца простая палявая кветка-рамонак, таму кошык з салодкімі рамонкамі стаў падарункам для Лучайскага пробашча. Кульмінацыйным момантам у віншаванні стала прысяга перад Богам і Касцёлам — маліцца ў інтэнцыі ксяндза Мікалая на працягу ўсяго жыцця. Сем шаркаўшчынскіх парафіянак ўрачыста паабяцалі вечную малітву. Традыцыйныя «Sto lat» у выкананні гурта «Laudans» і вернікаў падсумавалі святочныя віншаванні.

luczaj_milasernasc15 [2]

Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту закончылася нядзельнае набажэнства. Вернікі памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, які быў прадыктаваны Езусам святой с. Фаўстыне, як малітва перапрашэння і ўтаймавання Божага гневу. Молячыся Вяночкам, вернікі просяць аб «міласэрнасці для нас і ўсяго свету», такім чынам здзяйсняюць учынак міласэрнасці.

Гістарычным момантам свята стаў пачатак перагрынацыі абраза Езуса Міласэрнага, які будзе пераносіцца з хаты ў хату па парафіі. Запланавана перагрынацыя ў рамках Юбілейнага Года Міласэрнасці і святкавання 250-годдзя заснавання Лучайскай святыні, якое адзначаецца сёлета. Абраз паказвае ўваскрослага Збаўцу, які прыносіць людзям спакой праз адпушчэнне грахоў цаною сваёй мукі і крыжовай смерці. Пан Езус даў наступныя абяцанні ўсім, хто будзе яго ушаноўваць: «Праз гэты абраз Я буду ўдзяляць душам шмат ласкаў, а таму няхай кожная душа мае да яго доступ». Першая сям’я, да якой накіруецца абраз – гэта бацькі ксяндза Мікалая. Воляй лёсу сталася, што з выхадам на заслужаны адпачынак яны перабраліся з роднай Шаркаўшчыны ў Лучай і з’яўляюцца першымі і галоўнымі памагатымі свайму сыну.

luczaj_milasernasc19 [3]

Здаецца, усё ў гэты дзень было прысвечана культу Божай Міласэрнасці. Святочны канцэрт, які падараваў прысутным добра вядомы гурт «Laudans» з Мінска, быў часткова складзены як з песень на словы святога Яна Паўла ІІ і ксяндза Яна Твардоўскага, так і з разважанняў святой Фаўстыны Кавальскай. Гэта манахіня з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, якую Пан Езус выбраў сакратаркаю і апосталкаю сваёй міласэрнасці, каб праз яе перадаць свету вялікае пасланне. Збаўца сказаў святой сястры Фаўстыне: «У Старым Запавеце Я пасылаў свайму народу прарокаў з громам. Сёння Я пасылаю цябе да ўсяго чалавецтва з Маёю міласэрнасцю. Я не хачу караць збалелага чалавецтва, а прагну яго вылечыць, прытуляючы да свайго міласэрнага сэрца.»

Традыцыйна ксёндз Мікалай падзякаваў прысутным за ўдзел, а артыстам за цудоўны выступ і, блаславіўшы на шчаслівае вяртанне дамоў, запрасіў на бліжэйшы фэст новага сезону ў гонар святога Андрэя Баболі, які запланаваны на суботу 14 мая.

Алена Клімза-Колтан, тэкст
Зміцер Лупач, фота
Леанід Юрык, відэа