Хто такі грэшнік?

greshnikГрэшнік, перад якім стаіць неабходнасць ачышчэння ў пакаянні, у  Святым Пісанні найчасцей паказваецца як чалавек, пагружаны ў глыбокі сон. Для такіх людзей не заўсёды характэрна яўная сапсаванасць. Ім не хапае менавіта натхнёнай, поўнай самаадрачэння руплівасці ў тым, каб падабацца Богу — з рашучаю агідаю да ўсяго грэшнага. Пабожнасць для іх не з’яўляецца галоўным прадметам клопатаў і старанняў.

Клапоцячыся пра шматлікія справы, яны зусім абыякавыя да свайго збаўлення. Грэшнікі не адчуваюць, у якой небяспецы знаходзяцца. Яны холадна ставяцца да веры і не дбаюць пра добрае жыццё, хоць знешне яно часам бывае правільнае і бездакорнае. Гэта агульная рыса грэшнікаў. Дакладней ахарактарызаваць таго, хто жыве без Божай ласкі, можна наступным чынам.

Адварочваючыся ад Бога, чалавек затрымліваецца на самім сабе і менавіта сябе робіць галоўнаю мэтаю свайго жыцця і дзейнасці, таму што без Бога для яго няма нічога вышэйшага, чым ён сам, і таму што чалавек, які атрымаў раней ад Бога ўсялякую паўнату, цяпер, спустошаны з-за адарванасці ад Яго, спяшаецца і клапоціцца пра тое, як і чым сябе напоўніць. Пустка, якая ўзнікла ў чалавеку і была выкліканая адыходам ад Бога, няспынна распальвае нічым не заспакоенае прагненне — неакрэсленае, але няспыннае.

Чалавек стаў бяздоннаю прорваю; з усіх сілаў ён стараецца запоўніць гэтую пустку, але не бачыць і не адчувае напоўненасці. Па гэтай прычыне ўсё яго жыццё праходзіць у поце, працы і вялікіх клопатах — занятае растастайнымі справамі, у якіх чалавек спадзяецца знайсці заспакаенне. Гэтыя справы паглынаюць усю яго ўвагу, увесь час і ўсю дзейнасць. Яны — першае дабро, у якім ён жыве сэрцам.

Гэта тлумачыць тое, чаму чалавек, які сябе самога робіць мэтаю, ніколі не існуе ў сабе, але заўсёды — па-за сабою: у рэчах, створаных або вынайдзеных з-за пустаты. Ад Бога, які ёсць паўнатою ўсяго, чалавек адышоў; сам ён — пусты; яму застаецца «разліцца» ў бязмежна разнастайным свеце рэчаў і жыць у іх. Так грэшнік непакоіцца і клапоціцца пра справы, якія знаходзяцца па-за ім і Богам, пра шматлікія і разнастайныя рэчы. І таму характэрнаю рысаю грэшнага жыцця з’яўляецца клопат пра шматлікія рэчы пры занядбанні справы збаўлення (Лк 10, 41).

Адценні і разнавіднасці гэтага клопату пра шматлікія справы залежаць ад характару ўзніклай у душы пусткі. Пустэча розуму, што забыў пра Аднаго, які ёсць усім, нараджае клопат пра валоданне вялікай колькасцю інфармацыі і здабыванне ведаў, хваравітую дапытлівасць.

Пустэча волі, пазбаўленай валодання Адным, які ёсць усім, выклікае мноства прагненняў, імкненне валодаць усім, каб усё было ў нашай волі і ў нашых руках, — гэта любоў валодання. Пустэча сэрца, пазбаўленая асалоды ад Аднаго, які ёсць усім, выклікае прагненне шматлікіх і разнастайных уцехаў або шуканне незлічоных прадметаў, у якіх чалавек спадзяецца знайсці суцяшэнне для сваіх унутраных і знешніх пачуццяў.

Такім чынам грэшнік нястомна клапоціцца пра здабыванне інфармацыі, маёмасці, асалоды, шукае задавальнення, штосьці набывае, высвятляе. Гэта заганнае кола, у якім ён круціцца на працягу ўсяго свайго жыцця. Цікаўнасць прываблівае, сэрца прагне спазнаць слодыч і спакушае волю. Тое, што гэта сапраўды так, кожны можа праверыць асабіста, назіраючы за рухамі ўласнай душы на працягу дня.

Грэшнік прабываў бы ў гэтым заганным коле, калі б яго пакінулі аднаго, бо такая наша натура, калі знаходзіцца ў няволі. Але гэтае заганнае кола ў тысячы разоў павялічваецца і ўскладняецца, таму што грэшнік — не адзін. Існуе цэлы свет людзей, якія ўвесь час нешта высвятляюць, шукаюць асалоды, штосьці здабываюць, якія ўпарадкавалі ўсе метады ў гэтых справах, устанавілі адпаведныя законы, абавязалі падпарадкоўвацца ім усіх, хто належыць да іх рэгіёну. Звязаныя адзін з адным, яны няўхільна сутыкаюцца і, закранаючы адзін аднаго, памнажаюць у гэтым судакрананні ў дзясяткі, сотні, тысячы разоў дапытлівасць, хцівасць і пошукі асалоды, бачачы ў іх распальванні ўсё сваё шчасце, благаслаўленне і жыццё.

Гэта марны свет, у якім усё — заняткі, звычаі, правілы, повязі, мова, радасці, забавы, паняцці — прасякнута духам трох згаданых вышэй пладоў клопату пра шматлікія рэчы і прыводзіць да змрочнага знішчэння духу ўшанавальнікаў свету. Кожны далучаны да жывой сувязі з гэтым светам грэшнік тысячакратна заблытваецца ў яго сетках, агортваецца імі так моцна, што яго самога не відаць. На ўсёй індывідуальнасці грэшніка, ушанавальніка свету, як і на кожным яго члене, ляжыць вялікі цяжар. Нават маленькаю часткаю цела ён не ў стане паварушыць не так, як дыктуе свет, бо тады неабходна будзе ўзяць на сябе гіганцкі цяжар. Таму ніхто не бярэцца за гэтую справу, што пераўзыходзіць яго сілы, ніхто нават не думае пра гэта, а ўсе жывуць, рухаючыся па той каляіне, у якой апынуліся.

Сітуацыю пагаршае яшчэ і тое, што ў гэтым свеце ёсць свой князь, выключны ў сваёй хітрасці, лютасці і ўменні спакушаць. Праз цела і матэрыяльнасць, з якімі душа стала моцна звязаная пасля падзення, гэты князь мае свабодны доступ да яе і, падкрадваючыся, рознымі спосабамі распальвае ў ёй цікаўнасць, хцівасць, імкненне пачуццёва дагадзіць сабе; праз розныя спосабы спакушэння ён увесь час трымае душу ў гэтых сетках без магчымасці выйсця, разнастайнымі намовамі скіроўвае да заспакаення гэтых жаданняў і затым дапамагае ў іх рэалізацыі або разбурае іх, паказваючы іншыя, шырэйшыя планы, усё з адною мэтаю — працягнуць і паглыбіць прабыванне душы ў іх.

Менавіта гэтым і тлумачыцца змена людскіх няўдачаў і поспехаў, пазбаўленых Божага благаслаўлення. Гэты князь мае цэлую армію слугаў, злых духаў, якія падпарадкоўваюцца яму. Яны штохвілінна праносяцца па ўсіх канцах населенага свету, каб у адным месцы пасеяць адно, у другім месцы — іншае, каб яшчэ больш заблытаць людзей у сетках граху, аднавіць аслабленыя і парваныя сувязі, асабліва парупіцца пра тое, каб ніхто не думаў пра вызваленне з кайданаў і выйсце на волю.

У апошнім выпадку яны спешна збіраюцца вакол бунтаўніка, спачатку па адным, потым — цэлымі атрадамі і легіёнамі, урэшце — цэлым войскам, і ўжываюць разнастайныя спосабы ды хітрыкі, каб перагарадзіць усе выхады, аднавіць усе повязі і сеткі, інакш кажучы, зноў спіхнуць у прорву таго, хто пачаў выбірацца з яе па крутой сцяне.

Гэтае нябачнае каралеўства духаў мае свае асаблівыя месцы, дзе будуюцца планы, раздаюцца даручэнні, прымаюцца справаздачы з пахваламі для дзеячаў. Паводле св. Яна Тэолага, гэта сатанінскія глыбіні. На зямлі ў іх каралеўстве сярод людзей гэтымі месцамі з’яўляюцца групоўкі злачынцаў, вальнадумцаў, асабліва бязбожнікаў — блюзнерцаў, якія праз учынкі, словы і друк паўсюль разліваюць змрок граху, зацямняюць Божае святло. Органам, праз які яны праяўляюць тут сваю волю і ўладу, з’яўляецца цэлы комплекс свецкіх звычаяў, якія прасякнутыя грэшнымі стыхіямі, заўсёды адурманьваюць і адцягваюць ад Бога.

Вось так зладжана зона граху! Кожны грэшнік прабывае ў гэтай зоне, але, як правіла, яго затрымлівае ў ёй штосьці адно. І менавіта гэта адно знешне можа быць часта нечым цалкам прымальным і нават годным пахвалы. Сатана клапоціцца толькі пра тое, каб свядомасць, увага, сэрца чалавека не былі звязаныя толькі і выключна з Богам, але з чым-небудзь па-за Ім, каб, прыпаўшы да гэтага розумам, воляю і сэрцам, ён прымаў гэта замест Бога, клапаціўся і дазнаваўся пра гэта, валодаў і цешыўся гэтым. Тут маюцца на ўвазе не толькі страсці цела і душы, але і вартасныя рэчы; напрыклад, навука, мастацтва, клопат пра побыт могуць стаць сеткамі, з дапамогаю якіх сатана трымае аслепленых грэшнікаў у сваёй уладзе, не дазваляючы апамятацца.

Калі паглядзець на ўнутраны настрой і стан грэшніка, то высветліцца, што ён часта шмат ведае, але сляпы ў тым, што датычыць Божых справаў і яго збаўлення. Няспынна прабываючы ў клопатах, ён застаецца бяздзейсным і нядбалым у працы над сваім збаўленнем.

Ён увесь час перажывае трывогі або ўцехі сэрца, але зусім нячулы да ўсяго, што духоўнае. У адносінах да гэтага грэх пашкодзіў усе жыццёвыя сілы, грэшнік праяўляе аслепленасць, нядбайнасць і нячуласць. Ён не бачыць свайго стану, таму не адчувае небяспекі і не дбае пра тое, каб пазбегнуць яе. Яму не прыходзіць у галаву, што трэба змяняцца і ратавацца. Ён непахісна ўпэўнены, што прабывае ў належным стане.

Грэшнік не жадае ніякіх зменаў і перакананы, што ўсё павінна застацца так, як ёсць. Усялякі напамін пра іншае жыццё ён лічыць залішнім, не прыслухоўваецца да яго і не можа нават зразумець, чаму ён павінен служыць, — проста пазбягае гэтай тэмы.

ave-maria.by

для друку для друку