Хто можа валодаць звышнатуральнымі здольнасцямі?

Хто можа валодаць звышнатуральнымі здольнасцямі? Ці могуць яны быць надзелены не Богам, а злым? Здаецца непраўдападобным, калі Бог адорвае людзей унікальнымі магчымасцямі, а яны супрацоўнічаюць з д’яблам у нядобрых намерах. 

Калі нам даводзіцца назіраць за пэўнымі надзвычайнымі рэчамі, якія здзяйсняе чалавек, трэба перш за ўсё спытаць сябе: з дапамогай якой сілы ён гэта робіць? Каб адказаць на дадзенае пытанне, трэба ведаць асобу, яе жыццё і адносіны з Богам. Чалавек не можа ўзгадаваць у сабе звышнатуральныя здольнасці: яны не ўзнікнуць ані дзякуючы самаадукацыі, ані практыцы і г. д. А значыць, нехта яго імі надзяліў.

Цалкам магчыма, што жанчына, якая моліцца перад абразамі, абяцаючы вылячыць ад усіх немачаў, атрымала здольнасці зусім не ад Бога. Старонняму чалавеку вельмі складана праверыць, якія адносіны яна насамрэч мае з Госпадам і якое жыццё вядзе. Лепш за ўсё гэта распазнаюць святары, якія добра ведаюць сваіх парафіянаў. Таму я не раю давяраць «бабкам», якія «лечаць», адгаворваючы нават знаёмыя нам малітвы і пры гэтым здзяйсняючы які-небудзь рытуал. У народзе часта кажуць: “Лечыць ад рожы (заразная скурная хвароба – заўв. аўт.), і гэта дар Божы”. Моцна сумняваюся, што Бог дае такую «вузкую спецыялізацыю», і лічу, што ў падобных выпадках – гэта дар ад д’ябла. Нельга забывацца пра тое, што Езус прарочыў прыйсцё ілжэпрарокаў і антыхрыста, якія будуць “зводзіць” людзей цудамі.

У той самы час існуюць сітуацыі, калі Усявышні надзяляе чалавека надзвычайнымі ласкамі. Біблія называе іх харызматамі. Як правіла, падобныя дары атрымлівае асоба, якая па прыкладзе першых хрысціянаў або апосталаў, займаецца евангелізацыяй. Але нават у гэтых выпадках нельга сказаць, што такі чалавек мае Божы дар аздараўлення. Гэта Госпад з вядомай яму прычыны жадае часам праявіць праз свайго паслядоўніка той ці іншы цуд.

а. Аляксандр Жарнасек МІС, grodnensis.by

для друку для друку