«Хто? Дзе? Калі?”: рэкалекцыі для моладзі прайшлі ў Наваполацку

З 16 па 18 лістапада ў кляштары сясцёр Змёртвыхпаўстанак адбыліся рэкалекцыі для моладзі. 10 маладых людзей згадзіліся пакінуць свае штодзённыя клопаты, каб апынуцца ў атмасферы духоўнай цеплыні і тым самым нанова пачаць будаваць свае адносіны з Панам Богам, а таксама з самім сабой.

Перад моладдзю было пастаўлена тры пытанні: “Хто? Дзе? Калі?” У пошуках адказу на іх дапамагала Кніга Быцця, а менавіта гісторыя Якуба і Адама.

Якуб у сваім змаганні паказваў, што трэба прасіць бласлаўленне ў Пана Бога, але спачатку трэба назваць сваё сапраўднае імя. Імя, якое будзе паказваць мяне сапраўднага, без маскі, якое чалавек баіцца паказаць іншым, але якое ведае Пан Бог. Назваўшы сваё сапраўднае імя Пан нам бласлаўляе.

З дапамогаю Адама, шукалі адказу на пытанне: “Дзе?” Пасля граху мы хаваемся ад Бога, ад Яго позірку, але менавіта ў хвіліны нашага страху Бог нас шукае, шукае пытаннем: “Адаме, дзе ты?” Кожны з удзельнікаў у гэтае пытанне ўпісаў сваё імя і тым самым, згадзіўся на тое, каб Бог яго пачаў шукаць.

Пытанне “Калі?” вучыла знаходзіць kajros – час ласкі ў нашым штодзённым жыцці, якое пражываецца ў часе chronos.

Кульмінацыйным момантам стала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, дзе была добрая магчымасць адказаць на пытанні, узіраючыся ў вочы самога Бога.

Хоць рэкалекцыі ў нашым доме скончыліся, але яны працягваюцца ў штодзёным жыцці іх удзельнікаў.

с. Марыя Пія CR

для друку для друку