Хрысціянскі баль адбыўся ў Браславе

Напярэдадні Адвэнту, у суботу 30 лістапада, вернікі рознага ўзросту сабраліся ў парафіяльным доме імя айца Францішка Ярдана на чацвёрты хрысціянскі баль. Кс. Уладзімір Шыдлоўскі арганізаваў забаўляльную праграму з жывой музыкай і запрасіў фокусніка-ілюзіяніста.

На пачатку імпрэзы кс. Уладзімір прывітаў усіх прысутных і пажадаў у Божай радасці бавіць час, каб пасля, у паўсядзённым жыцці, асабліва падчас Адвэнту, дзяліцца радасцю з іншымі.

Распачалося свята з прадстаўлення фокусніка-ілюзіяніста Канстанціна Лоскава. Яго майстэрства прываблівала ўсіх прысутных, здзіўляла, забаўляла і адначасова ўздымала настрой. Затым распачаліся танцы з разнастайнымі забавамі, конкурсамі і латарэяй. Доўгі час сваім выступленнем прысутных радавала моладзь парафіяльнага гурта «EX ANIMA».


«Падабаецца, што на хрысціянскім балі кожны можа знайсці штосьці цікавае для сябе, ‒ падзялілася ўражаннямі парафіянка Наталля Мацюкевіч. ‒ Заўсёды цікавыя госці: на гэты раз фокуснік-ілюзіяніст. Вельмі творчая атмасфера для моладзі: паслухаць іх выступленне могуць бацькі і знаёмыя. А для аматараў спакойнага адпачынку ‒ гэта магчымасць сустрэцца і паразмаўляць у прыемнай атмасферы. Ёсць і тыя, каго перш за ўсё прывабліваюць смачныя вяндліны ад пробашча».

На хрысціянскі баль да нас завіталі таксама моладзь з Друі і з віцебскай парафіі Святога Духа. Сястра Лілія Дарожка SJE ужо не першы год на хрысціянскі баль у Браслаў прывозіць маладых людзей з Друі. Сястра адзначае, што ім цікава ўся праграма, асабліва азотнае прадстаўленне, як у мінулым годзе, ці выступенне фокусніка як сёлета і адзначае высокі ўзровень арганізацыі і правядзення свята.


«Мы дзякуем вашым святарам за тое, што дазваляюць моладзі з Друі прыняць удзел у вашым парафіяльным свяце. Нам падабаецца, што гэты баль не толькі для маладых людзей, але і для сем’яў, вернікаў рознага ўзросту. Тут наша моладзь можа павучыцца праводзіць вольны час з Богам», ‒ адзначыла сястра Лілія.

«Тут адпачываеш і целам, і душой. Усё бытавое раствараецца ў гэтай радасці ‒ стрэс, праблемы і перажыванні сыходзяць далёка на задні план. Дзіўнае пачуццё! ‒ адзначае наша парафіянка Наталля Станкевіч.

‒ Для мяне хрысціянскі баль ‒ гэта як адпраўная кропка. Тая душэўная і светлая атмасфера, якая ствараецца ў гэты вечар, натхняе працаваць над сабой. Хочацца ўвесь год, нават усё жыццё несці гэтае святло, радасць і любоў, і дзяліцца гэтай “батарэйкай” з навакольнымі. А яшчэ ‒ дзякаваць».

Хрысціянскі баль ‒ гэта заўсёды добрая магчымасць не толькі весела правесці час запустаў перад Адвэнтам, але і лепш пазнаёміцца адзін з адным. Дзякуем нашым святарам за тое, што клапоцяцца як пра духоўнае развіццё вернікаў, так і пра супольны адпачынак.

Святлана Жылевіч, waladarka.by
Ірына Гайдамовіч, фота

для друку для друку