Хрысціянскія знакі на беларускіх грашах

gi-15987-78192-bigНа некаторых купюрах новых грашовых знакаў Беларусі, якія паступяць у абарот пасля дэнамінацыі 1 ліпеня 2016 года, змешчаны хрысціянскія сімвалы. У прыватнасці, на купюры ў 10 рублёў – малюнак Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку і крыжа св. Еўфрасінні Полацкай. А на 20-рублёвай купюры намаляваны калаж, прысвечаны тэме духоўнасці: звон і Тураўскае Евангелле.

Грашовыя купюры з’яўляюцца адным з найбольш хадавых друкаваных прадметаў у дзяржаве, пры гэтым выявы на іх нясуць у сабе пэўнае сведчанне і пасланне пра тое, што дадзенае грамадства лічыць для сябе важным. Вельмі пазітыўна, што беларускія грошы будуць несці ў сабе паведамленне пра хрысціянскую аснову нашага грамадства. Згаданыя элементы з’яўляюцца выразным сведчаннем хрысціянскага мінулага беларускага народа, на якім павінна грунтавацца сучаснасць і ўзрастаць будучыня.

Варта звярнуць увагу і на тое, у якім кантэксце размешчаныя гэтыя выявы. Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку размешчаная на купюры, якая прадстаўляе Віцебскую вобласць, тэрыторыю былога Полацкага княства, найдаўнейшай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. У дадзеным выпадку эпоху найдаўнейшай дзяржаўнасці рэпрэзентуе хрысціянскі храм. Крыж св. Еўфрасінні Полацкай змешчаны ў тэматычным калажы, які прысвечаны тэме асветніцтва, што падкрэслівае неразлучнасць гэтага паняцця з хрысціянскай верай. Падобным чынам размешчанае і Тураўскае Евангелле на купюры ў 20 рублёў. Паняцці дзяржаўнасці, асветніцтва, развіцця культуры непарыўна звязаныя з хрысціянствам.

Не абыдзем увагаю таксама выяву “Батлейкі” на 100-рублёвай купюры. Дадзены народны тэатр звязаны з каляднымі святамі (адсюль назва, Бэтлеем – месца нараджэння Хрыста) і сведчыць пра глыбокую ўкаранёнасць хрысціянства ў народныя звычаі і традыцыі.

а. Зміцер Чарнель CSsR

для друку для друку