Хрост у католікаў і пратэстантаў: пытанне святару

“Чаму пратэстанты хрысцяць дарослых, а католiкi дзяцей?”

Віктар

На пытанне адказвае айцец Аркадзь Куляха OCD, Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску:

– Чытач “Каталіцкага Весніка” задае вельмі важнае пытанне, якое насамрэч датычыць веры і яе разумення. Калі мы верым, што Хрыстус жыве і ёсць у цэнтры нашага жыцця, а Яго сакраманты з’яўляюцца крыніцамі ласкі і месцам сустрэчы з бясконцай любоўю Бога, то з радасцю прымаем старажытную практыку Касцёла, згодна з якой хрост удзяляецца як дарослым, так і дзецям. Прыняцце хросту азначае для нас праўду пра тое, што мы запісаны ў кнізе жыцця.

«Ідзіце і навучайце ўсе народы…»

Напачатку трэба заўважыць, што ў Каталіцкім Касцёле хрост удзяляецца не толькі дзецям, але і дарослым, якія яшчэ не былі ахрышчаны ў імя Найсвяцейшай Тройцы. Такім чынам правільным будзе казаць, што католікі хрысцяць дзяцей і дарослых. У пратэстантаў – іншае разуменне сакрамантаў, а ў выніку і іншае ўспрыманне і практыкаванне веры. Навучанне Каталіцкага Касцёла грунтуецца на Святым Пісанні і Традыцыі, якая сягае пачаткаў супольнасці вернікаў і фарміравалася на працягу першых стагоддзяў хрысціянства. Касцёл працягвае выконваць наказ Хрыста: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа» (Мц 28, 19), абвяшчаючы сучаснаму чалавеку словы Збаўцы: «Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны» (Мк 16, 16).

Хрост – новае нараджэнне і брама збаўлення

У традыцыі Каталіцкага Касцёла хрост з’яўляецца падмуркам хрысціянскага, духоўнага жыцця ў супольнасці вернікаў і брамай, неабходнай для збаўлення (Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1213). Менавіта праз хрост чалавек сустракаецца з Богам у Найсвяцейшай Тройцы і становіцца ўсыноўленым Божым дзіцём. Інакш кажучы, дзякуючы гэтаму першаму сакраманту мы адкрываемся на дар Божага жыцця ў нас. Абмыванне хрысцільнай вадою вызваляе ад першароднага граху і надзяляе ласкай, неабходнай для збаўлення. Практыка хрысціць дзяцей вынікае з разумення неабходнасці сакраманту хросту для збаўлення: «Хто  паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены» (Мк 16, 16). Дзякуючы хросту дзіця атрымлівае адпушчэнне першароднага граху, а таксама ласку прыпадобніцца Хрысту ўжо на працягу зямнога жыцця праз ласцы сакраманту. Такім чынам дзецям адкрываецца брама жыцця вечнага і ўдзяляецца ласка дзеля развіцця хрысціянскага жыцця ў супольнасці Хрыстовага Касцёла. Святы Аўгустын пра хрост дзяцей пісаў так: “Дзяцей прыносяць да хросту, каб яны маглі атрымаць духоўную ласку” (Пар. S. Augustinus, Epist. 98, 5: PL 33, 362).

Ва ўводзінах да парадку хросту знаходзім вельмі яснае абгрунтаванне каталіцкай практыкі ўдзялення хросту: “Касцёл, які атрымаў місію евангелізацыі і хрышчэння, ужо з першых стагоддзяў хрысціў не толькі дарослых, але таксама і немаўлятаў. Бо словы Пана: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства» (Ян 3, 5), ён заўсёды разумеў такім чынам, што дзяцей нельга пазбаўляць хросту, паколькі іх хрысцяць у веры таго самага Касцёла, якую абвяшчаюць бацькі, хросныя ды іншыя прысутныя. Менавіта яны прадстаўляюць як мясцовы Касцёл, так і ўсю супольнасць святых і вернікаў – Касцёл, нашую Маці, Якая ўся нараджае ўсіх і кожнага паасобку” (Парадак хросту дзяцей, Уводзіны, 2).

Дух Святы вядзе па жыцці

У Каталіцкім Касцёле, падобна як і ў Праваслаўнай Царкве, хрост удзяляецца дзецям у перакананні, што вера – гэта найвялікшы дар, які бацькі могуць дапамагчы атрымаць сваім дзецям. У катэхезе, прысвечанай таямніцы хросту, Святы Айцец Францішак сказаў: “Некаторыя людзі думаюць: для чаго хрысціць дзіця, якое нічога не разумее? Мы думаем, што яно вырасце, зразумее і само спытае пра хрост. Але гэта азначае адсутнасць даверу да Святога Духа, бо калі мы хрысцім дзіця, у яго ўваходзіць Святы Дух і ад самага маленства дапамагае ўзрастаць у ім хрысціянскім цнотам, якія потым расквітнеюць. Заўсёды трэба даваць гэту магчымасць кожнаму, усім дзецям – мець унутры сябе Святога Духа, Які будзе весці іх па жыцці. Не забывайцеся хрысціць дзяцей!” (Францішак, Хрост – гэта другі Дзень нараджэння).

Канешне, нельга забываць, што хоць сакраманты ўдзяляюць Божую ласку, жыццё паводле яе пладоў патрабуе супрацоўніцтва з боку самога чалавека. У якасці заканчэння прапаную яшчэ адно выказванне Папы з узгаданай ужо катэхезы, у якой Францішак падкрэсліў, што хрост заўсёды з’яўляецца шчырым дарам – як для дарослых, так і для немаўлят: “Як адбываецца з зернем, поўным жыцця, так і гэты дар укараняецца і прыносіць плён у глебе, насычанай верай. Абяцанні хросту, якія мы штогадова абнаўляем у Пасхальную Вігілію, павінны абнаўляцца штодзённа, каб хрост “ахрысціяніў” тых, хто яго атрымаў, робячы іх “Alter Christus” (Тамсама).

Спадзяюся, што адказ на пытанне хоць часткова дапамог чытачам яшчэ больш зразумець каштоўнасць сакраманту хросту і яго пладоў для кожнага, хто хрост прымае.

для друку для друку