Гутарка з майстрам народных інструментаў Мар’янам Скрамблевічам

majstar4З майстрам народных інструментаў Мар’янам Скрамблевічам давялося спаткацца на фэсце ў Быстрыцы з нагоды яе 625-годдзя. Ён ласкава пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для “Каталіцкага Весніка” падчас сваёй прэзентацыі.

– Спадар Мар’ян, ці даўно Вы займаецеся такой нязвыклай дзейнасцю, як выраб народных інструментаў?

– Гадоў дваццаць ужо, як раблю гэта. Канешне, не ўсё адразу пачало атрымлівацца. Нешта шукаў у кнігах, часам сам эксперыментаваў. Выраб інструментаў – гэта заўсёдны пошук.

– Ці шмат часу трэба Вам, каб вырабіць нейкі драўляны інструмент?

– Да дзесяці гадоў трэба сушыць дрэва. І таксама вельмі важна, якой парой яно спілаванае: вясной, летам ці восенню. Гэта ўсё адбіваецца на тэмбры інструмента і на яго якасці ўвогуле.

– На Вашым століку шмат розных інструментаў: дуды, акарыны, трашчоткі і значную частку сярод іх займаюць інструменты ў выглядзе рыбкі. Гэта для Вас мае нейкае асаблівае значэнне?

majstar2

– Мне шмат хто задае такое пытанне: “А чаму менавіта рыба?” Канешне, я б мог і слана з дрэва выразаць ці яшчэ якую жывёлу. А рыбка – гэта ж сімвал хрысціянаў.

majstar3

– Вы ў якасці матэрыялу выкарыстоўваеце пераважна дрэва?

– Так, я з дрэвам вельмі люблю працаваць. Яно дае такі мяккі тэмбр. Ліпа, напрыклад… Яе нічым не заменіш. Але ёсць у мяне і інструменты, выкананыя з рагоў жывёлы. Тут свая цяжкасць у апрацоўцы. Рог трэба вельмі доўга выварваць у кіпені… А вось, напрыклад, какосавы арэх. Яго гук пры пастукванні вельмі нагадвае цокат коней. Адзін да аднаго пасуе. Пакуль яшчэ маю сілы, то шукаю новыя ідэі.

– Як Вы шукаеце патрэбны тэмбр для сваіх інструментаў?

– Ведаеце, я не зусім самавук у музыцы. У мяне грунтоўная тэарэтычная база. Вучыўся ў Вышэйшай прафсаюзнай школе культуры ў Ленінградзе. Таму, калі трэба зрабіць нейкі інструмент, я спачатку вывучаю твор і раблю інструмент спецыяльна пад гэты твор, каб ён пасаваў тэмбрам да музыкі. Крыху дзіўлюся з нашых дзяржаўных аркестраў, якія толькі адну дудачку маюць, і гэтага ім хапае. Кожны твор адметны, таму і інструменты павінны быць адметнымі. Звязанымі з мелодыяй, танальнасцю і тэмай твора.

– У якіх аркестрах іграюць Вашы інструменты?

– Гучаць па ўсім свеце. У Канадзе, Францыі, Аргенціне, “Белыя Росы” нашы, гродзенскія, іграюць. Ёсць яны і ў Міністэрстве культуры і ў Акадэміі музыкі.

– Бачна, што Вам вельмі дарагая справа, якую робіце, раз прыехалі ў Быстрыцу аж з Адэльска. Ці маеце вучняў, якія цікавяцца майстэрствам вырабу народных інструментаў?

– Ахвотныя ёсць, толькі справа гэта карпатлівая і няпростая. Інструменты трэба чуць душой, каб яны не проста гралі, а спявалі.

majstar5

Гутарыў кс. Віктар Місевіч
Фота Марыны Сінкевіч

majstar1Даведка

Мар’ян Скрамблевіч – музыкант і майстар па вырабе народных інструментаў. Жыве ў Адэльску Гродзенскай вобласці, дзе стварыў музей народных інструментаў. Экспанаты спадар Мар’ян рэстаўруе або стварае цалкам новыя. Творчасць Мар’яна Скрамблевіча ўнесена ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

для друку для друку