Гутарка пра рэстаўрацыю ікон са спадаром Ігарам Сурмачэўскім

surmaczeuski01У кожнага верніка ды і звычайнага турыста дух захоплівае, калі ён уваходзіць у прыгожую старажытную святыню. Такая прыгажосць была б немагчымай без руплівай апекі душпастыраў і працы адмыслоўцаў-рэстаўратараў. Прапануем чытачам Весніка гутарку са спадаром Ігарам Сурмачэўскім, для якога гісторыя – гэта не проста праца, гэта – пакліканне.

– Спадар Ігар, адкуль у Вас такое жаданне даследаваць гісторыю праз абразы і скульптуры?

– Гэта, напэўна, Божы дар такі. З дзяцінства памятаю, што заўсёды мяне цягнула да помнікаў мінуўшчыны. Памятаю, у Вязыні, адкуль я родам, я з іншымі дзецьмі гуляў на развалінах старога касцёла. Там былі такія вялізныя чорныя мармуровыя пліты. Яны мяне проста зачароўвалі. На жаль, цяпер там праходзіць хуткасная шаша Брэст – Масква.

– Я так разумею, аднаго захаплення замала, каб рэстаўраваць гістарычныя помнікі. Дзе Вы спасцігалі гэтую навуку?

– Я скончыў тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”. Па прафесіі я дызайнер інтэр’ераў.

– Спадар Ігар, за час сваёй працы Вам давялося пабачыць мноства твораў мастацтва. Скажыце, ці ёсць адрозненні, напрыклад, паміж беларускай школай жывапісу і рускай?

– Безумоўна, ёсць. І гэта немалаважны факт. На жаль, я сустрэўся ў сваёй практыцы з тым, што беларускія іконы рэстаўраваліся расійскімі спецыялістамі, і была пашкоджана аўтэнтыка нашай іконы.

Беларускія абразы незалежна ад канфесійнай прыналежнасці ў сваёй большасці пісаліся з выкарыстаннем італьянскіх і галандскіх тэхналогій.

– Што Вы маеце на ўвазе?

– Беларускія абразы незалежна ад канфесійнай прыналежнасці ў сваёй большасці пісаліся з выкарыстаннем італьянскіх і галандскіх тэхналогій.

У іх, апрача тэмперы*, прысутнічаюць яшчэ і тонкія лесіроўкі алейнай фарбай. Што да абразоў на драўлянай аснове, то ў нашых продкаў была папулярная арнаментальная разьба па ляўкасе**. У рускай традыцыі гэтага амаль не было ці арнамент быў вельмі просты. Калі не ведаць гэтых асаблівасцяў, то лёгка знішчыць арыгінальны пласт. А гэта ў рэстаўрацыі недапушчальна.

– А як адбываецца рэстаўрацыя? Гэта, напэўна, карпатлівая праца?

– Не толькі карпатлівая, але і шкодная для здароўя. Раней выкарыстоўваўся дыметылфармамід – хімікат без выразнага паху, але ў 200 разоў больш таксічны, чым ацэтон. Сёння выкарыстоўваюцца заходнія сродкі. Яны менш шкодныя, аднак таксама гэта хімія. Найбольш складанымі момантамі ў рэстаўрацыі з’яўляецца раскрыццё старога жывапісу ад пазнейшых запісаў і дубляванне палатна. Гэта робіцца ў выпадку вельмі сапсаваных абразоў, дзе палатно амаль знішчана часам. Каб уратаваць саму выяву, пад старое палатно падводзіцца новае, і яны праклейваюцца, а потым ужо аднаўляецца сам жывапісны пласт.

– Рэстаўрацыя якога помніка Вам найбольш блізкая і дарагая?

– Я горача ўспамінаю перыяд нашага супрацоўніцтва з біскупам Кірылам Клімовічам, былым пробашчам Глыбокага. Па яго просьбе я арганізаваў і за свае грошы правёў рэстаўрацыю крыжа, які цяпер ёсць у касцёле Св. Тройцы.

– Якія парады Вы маглі б даць душпастырам па захаванні помнікаў мастацтва?

– Найперш варта памятаць, што рэстаўрацыяй павінны займацца адмыслоўцы. У адной царкве быў цудоўны беларускі старажытны абраз XVII стагоддзя, які мясцовы бацюшка вырашыў аднавіць. Прыхаджане не знайшлі іншага выйсця, як даверыць справу мясцоваму “ўмельцу”. А той нічога лепшага не прыдумаў, як умацаваць абраз клеем ПВА. Клей прайшоў у ляўкас і знішчыў выяву. Абраз кавалкамі абсыпаецца. Яму ўжо нельга дапамагчы.

– Бывае так, што абразы і крадуць…

– Крадуць і спрабуюць прадаць за мяжу. У вёсцы Дубраўка ў савецкі перыяд, калі зруйнавалі касцёл, адна жанчына ўратавала абраз ад знішчэння і схавала яго на гарышчы. Ён даволі вялікі, метра паўтара вышынёй, і праляжаў схаваны амаль 70 гадоў. Пасля смерці бабулі ўнукі захацелі прадаць ікону, знайшлі нават пакупніка з Літвы, але праз мяжу пабаяліся везці. Спрабавалі прадаць у Маскву – марна. Мне пашчасціла перакупіць яго. Цяпер гэты шэдэўр знаходзіцца на рэстаўрацыі і ў хуткім часе будзе ўпрыгожваць галоўны алтар касцёла Святога Казіміра ў Маладзечне.

– Спадар Ігар, падзяліцеся сваімі разважаннямі, чаму беларусам варта шанаваць сваю гісторыю?

– Усе ведаюць выказванне пра тое, што без мінулага няма будучыні. Калі ж чалавек абыякава ставіцца да сваёй спадчыны, ён проста манкурт. Я ведаю гісторыю свайго роду з 1415 года. І ганаруся сваімі продкамі. Дзякуючы ім сёння ёсць я.

Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота

 

*Тэ́мпера (італ.: tempera, ад лацінскага temperare – змешваць фарбы) – фарбы, зробленыя на аснове сухіх парашковых натуральных пігментаў і / ці іх сінтэтычных аналагаў. Рэчывам, якое звязвае тэмперныя фарбы, служаць эмульсіі – натуральныя (разведзены вадой жаўток курынага яйка, сок раслін, рэдка – толькі ў фрэсках – нафта) ці штучныя (высыхлы алей у водным растворы клею, палімеры).

 **Ляўкас (грэч. Λευκός белы, светлы, ясны) – у іканапісе – назва грунту, які ўяўляе сабой крэйду, размешаную на жывёльным або рыбіным клеі з дамешкам ільнянога алею.

для друку для друку