Гусары Сабіна і Яцэк Пухала: “Сваю дзейнасць мы звязваем з каштоўнасцю сям’і”

15 ліпеня адбыліся ўрачыстасці на месцы спачыну расстраляных падчас Другой сусветнай вайны жыхароў Гродна і Ліпскa ў Навумавічах каля Гродна.

У сёлетніх урачыстасцях прынялі ўдзел гусары, якія прыбылі з розных месцаў Польшчы і прадстаўлялі розныя гістарычныя клубы. Сярод іх былі Сабіна і Яцэк Пухала з Радама, якія, як самі адзначаюць, з’яўляюцца шчаслівым сужэнствам ужо 42 гады і належаць да стралковага брацтва, якое сваім убраннем звязана з XVIII ст. і прадстаўляе шляхецкія традыцыі.

“Мы з’яўляемся рэканструкцыйнымі групамі, праз што ўзгадваем пра традыцыю, гісторыю, падзеі мінулых гадоў, а адначасова пра каштоўнасці, якія былі прадстаўлены тады”, – кажа Яцэк Пухала, дадаючы, што для іх прыярытэтам з’яўляюцца патрыятызм, дабро, права і сям’я.

„Гісторыя брацтваў паходзіць з таго, што яны баранілі брамы гарадоў на працягу стагоддзяў. Іх падтрымліваў Касцёл. Яны былі моцна звязаны з Касцёлам з тых часоў па сённяшні дзень. Таксама іх падтрымлівалі манархі”, – распавядае Яцэк.

Сабіна Пухала дадае, што іх дзейнасць звязана таксама з каштоўнасцю сям’і. “У нас чацвёра дзяцей і дзесяць унукаў. Для нас рэлігійныя каштоўнасці вельмі важныя, мы не ўяўляем без іх свайго штодзённага жыцця”, – прызнаецца жанчына.

Сабіна ганарыцца тым, што ў іх дзяцей цудоўныя сем’і, а ўсе члены сям’і блізкія да Бога, цэняць нацыянальныя і сямейныя каштоўнасці.

“Для нас вельмі важная бласлаўлёная Мар’яна Бярнацкая, якая аддала сваё жыццё на гэтай зямлі. У ходзе гэтай урачыстасці я малілася, каб заўсёды ўмець, як бласлаўлёная, прысвячаць сябе маім самым блізкім, заўсёды ўмець служыць як мага лепш маім дзецям і ўнукам”, – дадае Сабіна Пухала.

Па словах польскіх гусараў, яны шчаслівыя, што былі ў Гродне на Днях Баторыя, а таксама што змаглі наведаць Навумавічы – гэтае асаблівае месца на мапе свету. Тут яны перажылі незабыўныя хвіліны і сустрэлі шмат цудоўных людзей.

Прыналежнасць да стралковага брацтва з’яўляецца для іх вялікім захапленнем, а таксама нагодай узбагачацца духоўна і знаёміцца з выдатнымі людзьмі. Таксама гэта спрыяе перадачы прыгожых звычаяў і традыцый.

На Днях Стэфана Баторыя ў Гродне прадстаўнікі гістарычных клубаў з Польшчы інсцэніравалі бітвы на шаблях, паходную кавальню, ваенныя нарады і правялі паказальны бой.

grodnensis.by

для друку для друку