- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

Гурт “Пухавіцкія пярлінкі” парафіі св. Антонія ў Мар’інай Горцы завітаў у г. Чэрвень

Batlejka y Chervene03 [1]Надышоў светлы час Нараджэння Езуса Хрыста. Кожны год у гэтыя чароўныя дні ўсё навокал пакрываецца прыгажосцю, запальваюцца свечы, дабрэюць сэрцы. У гэты час людзі як ніколі вераць у цуды, чакаюць іх і хочуць падараваць іх іншым.

Вось ужо некалькі гадоў запар, хлопчыкі і дзяўчынкі з гурта “Пухавіцкія пярлінкі” парафіі св. Антонія ў Мар’інай Горцы імкнуцца пераказваць гэты цуд Богаўцелаўлення іншым людзям.

Таму, 3 студзеня, паводле запланаванага падарожжа яны вырушылі да вернікаў з суседняй каталіцкай супольнасці горада Чэрвень.

Неперашкодзіла ім нават тое, што ў траскучы двадцаціградусны мароз аўтамабілі некаторых бацькоў нашых артыстаў не завяліся.

Як сапраўдныя вызнаўцы Хрыста, бацькі і дзеці ахвярна дапамагалі адзін аднаму дабрацца да свайго роднага касцёла у Мар’інай Горцы.

І вось а 9 гадзіне нядзельнай сонечнай раніцы члены касцёльнага вакальна-харэаграфічнага гурта са сваім пробашчам, катэхэткамі, гукааператарамі і акустычным абсталяваннем накіраваліся ў Чэрвень з цеплымі віншаваннямі і інсцэніроўкай пра Божае Нараджэнне.

Дзеці спадзяваліся што іх святочны канцэрт прынясе кожнаму, хто яго ўбачыць крышачку радасці, любові, святла і надзеі. Малыя артысты не толькі распавялі пра Божае Нараджэнне, але і цудоўна спявалі, танчылі, чыталі вершы і гралі на музычных інструментах.

І сапраўды гледачам усё вельмі спадабалася. Доўга пляскалі яны ў далоні, выклікаючы шмат разоў малых артыстаў “ на біс”. Ад гаспадароў спаткання неспадзявана выйшла нават прапанова прысвоіць гурту гасцей тытул «народны».

Дарэчы, ролю святога Сямейства выканала сям’я Алы і Сяргея Кучынскіх (аднафамільцы пробашча), с навароджаным сынам Аляксандрам.

Напрыканцы сустрэчы чэрвеньскія парафіяне шчыра падзякавалі за прыбыццё гасцям, пачаставалі гарачай гарбатай і цукеркамі і запрасілі прыязджаць яшчэ і яшчэ.

Добры настрой надоўга застанецца разам з ўсімі ўдзельнікамі гэтай сустрэчы.

 Ала Кучынская, катэхэтка.