Гродзенскія вернікі прывіталі пілігрымку «Беласток-Вільня»

u_wilniu6Увечары 18 жніўня Гродна спаткаў пілігрымаў, якія ўжо у ХХІV раз накіроўваюцца з Беластоку ў санктуарый Маці Міласэрнасці ў Вільні. У гэтым годзе ў паломніцтве ўдзельнічае 350 вернікаў з Польшчы, што перавышае мінулагодні паказчык.

Сёлета пілігрымы нясуць с сабой рэліквіі бл. Міхала Сапоцькі. Паводле слоў кіраўніка пілігрымкі, «гэта звязана з перажываннем Юбілейнага Года Міласэрнасці: кс. Міхал Сапоцька быў спаведнікам св. Фаўстыны — манахіні, праз якую Хрыстос перадаў чалавецтву сваё пасланне міласэрнасці». Таксама бл. кс. Міхал праз пэўны час кіраваў духоўнай семінарыяй у Вільні, куды ідуць пілігрымы.

Паломнікаў у чарговы раз прывітаў пробашч пабернардзінскай парафіі кс. Антоні Ханька. «Новая хваля пабожных людзей завітала ў Гродна. І гэта менавіта тое ўзмацненне, якое нам неабходна», — сказаў святар.

Некаторыя ўдзельнікі паломніцтва падзяліліся сваімі думкамі наконт пілігрымавання да Вострай Брамы.

Спадарыня Ванда з Кузніцы адзначыла, што ўжо 17-ы раз ідзе ў пілігрымцы, але за ўвесь гэты час яшчэ не паспела ацаніць бясконцасць цудаў Маці Божай, таму мяркуе, што пойдзе яшчэ разоў 17-аць.

У сваю чаргу спадар Лукаш з Беластоку распавёў, што першы раз вырушыў у паломніцтва да Маці Міласэрнасці менавіта з нагоды перажывання Года Міласэрнасці. Ім таксама кіравала моцнае жаданне ўбачыць усходнія землі Еўропы.

Традыцыйна ў 19 гадзін пілігрымы разам з гарадзенцамі, якія іх сустракалі, сабраліся на св. Імшы ў касцёле Адшукання Святога Крыжа.

Даведка:

Абраз Маці Божай Вострабрамскай у Вільні з асаблівай павагай ушаноўваецца як каталікамі, так і праваслаўнымі хрысціянамі. Дарэчы, абраз Маці Божай у Вострай Браме адносіцца да рэдкага тыпу выявы Багародзіцы без маленькага Езуса на руках. Як лічаць мастацтвазнаўцы, Марыя намаляваная ў момант з’яўлення арханёла Гаўрыіла.

 grodnensis.by

для друку для друку