Гродзенскі хор «Cantate Domino» выступіў з канцэртам у Польшчы

13 мая гродзенскі хор «Cantate Domino» выступіў з канцэртам падчас урачыстасцяў 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў Плоцкай дыяцэзіі, якія адзначаліся ў Цеханове (Польшча).

Гродзенскі хор са сваім кіраўніком Генрыхам Давідовічам прыбыў на ўрачыстасці па запрашэнню пробашча парафіі Маці Божай Фацімскай у Цеханове кс. каноніка Яна Юзвяка.

У праграме ўрачыстасцяў была працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай, супольная ружанцовая малітва з удзелам розных станаў вернікаў (між іншым дзеці, моладзь, сем’і, Колы Жывога Ружанца). Таксама шматлікія ўдзельнікі маглі пазнаёміцца з гісторыяй святыні, апекуном якой з’яўляецца св. Ян Павел ІІ.

Фацімскія ўрачыстасці ў Цеханове ўзначаліў біскуп Плоцкі Пётр Лібера, які разам з дапаможным біскупам Міраславам Мілеўскім і дыяцэзіянамі здзейсніў акт даручэння ўсёй Плоцкай дыяцэзіі Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай.

Вянцом дыяцэзіяльных святкаванняў 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў стаў менавіта канцэрт хору «Cantate Domino», які выканаў творы на розных мовах. З вялікай сардэчнасцю духавенства і вернікі прынялі гродзенскіх харыстаў, узнагародзіўшы іх гучнымі воплескамі.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку