Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя будзе рэарганізавана ў Міждыяцэзіяльную

11 красавіка падчас 69-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое праходзіць у Гродне, іерархі прысвяцілі шмат увагі ўдасканаленню фармацыі будучых святароў.

Згодна з рашэннем ККББ, Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя будзе рэарганізавана ў Міждыяцэзіяльную. Яе рэктарам прызначаны кс. Віталій Вайцяхоўскі. Святар прадставіў біскупам сваё бачанне працэсу фармацыі будучых святароў і практычнага функцыянавання Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. У бліжэйшым часе новапрызначаны рэктар выступіць з канкрэтнымі прапановамі.

Даведка:

Кс. Віталій Вайцяхоўскі

Ксёндз Віталій Вайцяхоўскі паходзіць з парафіі святых Космы і Дам’яна ў Астраўцы. Нарадзіўся 9 кастрычніка 1979 года. Святарскія пасвячэнні атрымаў з рук біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча 29 мая 2004 года.

У 2007–2011 гадах вывучаў тэарэтычную філасофію ў Люблінскім каталіцкім універсітэце (Польшча). З 2011 года выкладае ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, з’яўляецца пробашчам парафіі св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы і адміністратарам парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дзембраве.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by

для друку для друку