Грэка-католікі Беларусі працягваюць эстафету «духовага асэнсавання» спадчыны святых Кірылы і Мятода

Гэтая духоўная эстафета праходзіць пад малітоўным покрывам святых Апякуноў Еўропы Кірылы, Мятода і Бенядыкта.

14 лютага быў успамін спачыну св. Кірылы, 14 сакавіка – памяць св. Бенядыкта Нурсійскага, 6 красавіка – успамін свяціцеля Мятода, архібіскупа Мараўскага – гэта важныя этапы эстафеты «духовага асэнсавання».

У час Юбілею 1150-годдзя перадачы святымі Кірылам і Мятодам Папу Адрыяну ІІ Святога Пісання і літургічных тэкстаў на славянскай мове грэка-каталіцкія душпастыры хочуць дайсці да вернікаў усіх грэка-каталіцкіх парафій і супольнасцей з каштоўным сведчаннем Апосталаў і Настаўнікаў Славянаў. Гэта сведчанне сулучнасці традыцыі візантыйскага Усходу ды лацінскага Захаду. Для Беларусі, у якой знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы – гэта вельмі сімвалічна.

Пасля святкавання Юбілею ў Мінску, якое 9-га лютага ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Габар Пінтэр, шлях духоўнай эстафеты прабягаў праз парафіі і супольнасці Усходняга дэканата: Полацк і Наваполацк (17 лютага), в. Царкоўна каля Асвеі (23 лютага), Віцебск (3 сакавіка).

Гэта былі станцыі духовага асэнсавання грэка-каталіцкай тоеснасці: вернасці візантыйскай літургічнай традыцыі і еднасці з Рымскім Апостальскім Пасадам.

Пілігрымка да руінаў уніяцкай царквы ў вёсцы Царкоўне была часам малітоўнага ўспаміну ўніяцкіх святароў і вернікаў – ахвяраў так званага Полацкага «сабора» 1839 года, на якім – па палітычнаму заказу царскай адміністрацыі – прайшло «ўз’яднанне» беларускіх уніятаў з дзяржаўнай Расійскай Праваслаўнай Царквой.

Грэка-каталіцкія парафіі Заходняга дэканата перанялі эстафету 9 і 10 сакавіка. У суботу, 9 сакавіка, прайшла душпастырска сінакса ў парафіі святых Братоў-Апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасці. 10 сакавіка малітоўны ўспамін духовай спадчыны святых Кірылы і Мятода ў Івацэвічах і Баранавічах узначаліў протапрэзбітар Заходняга дэканата а. Андрэй Буйніч.

У тую ж нядзелю, 10 сакавіка, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і вікарны душпастыр Заходняга дэканата а. Віталь Быстроў наведалі рыма-каталіцкі касцёл св. Бенядыкта ў Пінску, павіншавалі гэтую парафію ды падарылі для храма ікону святых Кірылы і Мятода.

Увесь гэты ўспамін духоўнага подзвігу мінулых дзён праходзіў пад малітоўным покрывам Апякуноў Еўропы.

svjazep.org

для друку для друку