Грэка-каталіцкая парафія ў Полацку арганізавала юбілейны летнік для людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця

З 15 па 21 ліпеня ў Полацку пры грэка-каталіцкай парафіі святамучаніка Язафата адбыўся 10-ы юбілейны летнік “Канікулы з Богам” для людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця. Арганізатарам летніка былі валанцёры хрысціянскага валанцёрскага руху св. Мікалая.

У гэтым годзе летнік меў асаблівы характар. І не толькі з прычыны юбілею, але таксама і таму, што яго наведалі цікавыя госці. Гэта прадстаўнікі супольнасі L’Arche з Варшавы. Міжнародная сетка (федэрацыя) суполнасцей L’Arche (Каўчэг), была заснавана Жанам Ванье, налічвае 154 супольнасцей і дзейнічае ў 38 краінах свету.

Таксама, як і рух “Вера і святло”, федэрацыя супольнасцей L’Arche ажыццяўляе разнастайную апеку над людзьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця, што з’яўляецца значнай дапамогай іх бацькам і сем’ям. Бо, на самой справе, менавіта бацькі дзяцей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця патрабуюць большай падтрымкі чым самі дзеці.

Юбілейны полацкі летнік атрымаўся насычаным і разнастайным. Кожны дзень у грэка-каталіцкай царкве св. Параскевы Полацкай служылася Боская Літургія. У нядзелю, 21 ліпеня, удзельнікі летніка маліліся разам з вернікамі полацкай парафіі, парахам якой служыць а. Аляксандр Шаўцоў, які ўжо шмат гадоў гасцінна прымае летнікі руху валанцёраў св. Мікалая.

У рамках летніка, пры парафіяльным будынку адбываліся гульні і забавы, вогнішча з гітарай і, звычайна, лазня. На самой справе, нават неважна якой будзе праграма, галоўнае, каб рабіць гэта разам, як адна супольнасць, як адна хрысціянская сям’я.

На развітанне сябры з L’Arche запрасілі валанцёраў руху св. Мікалая да сябе ў госці, у Польшу. Нават, не толькі ў госці, але каб застацца там даўжэй, паслужыць у супольнасці, набрацца практычнага досведу.

У сваю чаргу валанцёры руху св. Мікалая запрашаюць усіх, каго кранае тэма падтрымкі людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця, маліцца ў намеры з’яўлення на Беларусі рухаў “Вера і Святло” і L’Arche (Каўчэг).

Акрамя гэтага, усіх зацікаўленых, а перадусім бацькоў і сем’і людзей з асаблівасцямі псіха-фізычнага развіцця запрашаюць аб’яднаць намаганні, каб з Божай ласкай, разам дасягнуць гэтай мэты.

Калі Вы зацікавіліся, напішыце, калі ласка, нам на электроны адрас: shybeka@gmail.com.
Нашы тэлефоны: +375292997241 (МТС), +37529 962 20 19 (Велком), +37533 612 64 18 (Вайбер).

А. Аляксандр Шыбека

для друку для друку