Грэка-католікі нагадалі жыхарам Полацка пра 500 гадоў Бібліі Скарыны

Уваходам у Полацк 15 ліпеня з малітоўным спевам завяршылася XXIIІ грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск-Полацк. Сёлетняя пілігрымка прайшла пад дэвізам ад Францішка Скарыны з выдадзенай ім 500 гадоў таму Бібліі на беларускай мове: «Людемъ посполитымъ к доброму научению».

Да грэка-католікоў з розных гарадоў Беларусі далучыліся манахі-базыляне з Украіны, якія адмыслова ўзялі ўдзел у пілігрымцы, каб ушанаваць гістарычную спадчыну свайго ордэна, дзейнасць якога некалі рэалізоўвалася на Віцебшчыне.

Цягам пяці дзён, ідучы праз амаль няспынны дождж, пілігрымы маліліся словамі малітваў, складзеных Францішкам Скарынам.

Кожны дзень пілігрымкі быў прысвечаны адмысловым развагам: «Праслаўляем Імя Ісуса», «Пакланяемся Крыжу Госпада», «Узвялічваем Маці Госпада», «Ушаноўваем апосталаў і сведкаў веры», «Дзякуем Богу за бацькоў у веры».

Адразу па ўваходзе ў горад грэка-католікоў у саколках з надпісам “500 гадоў беларускай Бібліі” прывіталі вернікі мясцовай супольнасці праваслаўных-стараабрадцаў, духоўны кіраўнік якіх Пётр Арлоў традыцыйна паклапаціўся пра гарбату і пасілак для шматлікіх гасцей.

Па цэнтральных вуліцах горада вернікі скіраваліся да Полацкай Сафіі – месца, дзе былі закатаваныя манахі-грэка-католікі і ў якім цяпер немагчыма зладзіць набажэнства, бо сабор з’яўляецца музеем. Набажэнства, якое ўзначаліў настаяцель полацкай парафіі святога Язафата Кунцэвіча а. Аляксандр Шаўцоў, адбылося проста ля муроў Сафіі.

Наступным ранкам у полацкай царкве святой Параскевы адбылася заключная ўрачыстая Боская Літургія, якую ўзначаліў Апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

krynica.info

для друку для друку