Грэх пераядання

pereedanie“Хвала Хрысту! Пасля нядаўняй споведзі я меў грэх пераядання. Ці магу я прымаць Цела Хрыста? Або патрэбна спавядацца?”

Ян

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– Перашкодай для прыступання да Святога Прычасця ёсць цяжкі грэх. Цяжкім грахом з’яўляецца парушэнне Божай волі свядома і добраахвотна ў значнай матэрыі. Нельга ўніверсальна вызначыць, якія грахі цяжкія, а якія – не. Часта гэта залежыць ад шэрагу абставін і асаблівасцей чалавека. Таму ў Вашым выпадку Святое Прычасце можна прымаць, калі гэтая непамяркоўнасць у ежы, нават калі была свядомай і добраахвотнай, не наносіць непасрэднай шкоды здароўю (напрыклад, парушэнне прыпісанай доктарам дыеты, злоўжыванне алкаголем і т.д).

Калі ж празмернае спажыванне ежы прыводзіць да млоснасці, пагаршэння самаадчування, выклікае патрэбу прымаць лекі – гэта, безумоўна, можна лічыць цяжкім грахом, з якога трэба спавядацца.

У кожным выпадку падобныя пытанні варта задаваць святару непасрэдна падчас споведзі. І, узгадваючы словы апостала Паўла: “Таму, хто будзе есці хлеб гэты альбо піць чару Гасподнюю нягодна, звінаваціцца супраць Цела і Крыві Гасподняй” (1 Кар. 11, 27), – варта памятаць, што лепш паспавядацца з лёгкага граху, чым прыняць Прычасце ў стане граху цяжкага.

Памятайце таксама мудрасць: «Калі ты ўстаў з-за стала з пачуццём лёгкага голаду – ты наеўся, калі ты адчуваеш сябе сытым – значыць, ты пераеў, калі ты аб’еўся – значыць, ты атруціўся».

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі