Грахі супраць шчырай споведзі

Плённае перажыванне Вялікага посту немагчыма ўявіць без шчырай споведзі. Якія памылкі нельга рабіць, каб споведзь была сапраўды карыснай, чытайце ў матэрыяле сястры Ганны Мізавец SJE.

Здараецца, што мы спавядаемся, так што святар вельмі ахвотна разграшыў бы нас, але не можа гэтага зрабіць, таму што … мы не вызналі ніводнага ўласнага граху.

У споведзі, як у малітве, адлюстроўваюцца ўсе нашыя асабовыя рысы. Такім чынам мы спавядаемся ў той манеры, якая адпавядае таму, якімі асобамі мы з’яўляемся.

Аднак, бывае, што шлях, якім мы вызнаем нашыя грахі, перашкаджае добра споўніць чачвёртую ўмову споведзі: «шчырая споведзь». Шчырая не азначае толькі тую, калі мы не затаілі ніводнага граху. Шчырая ‒ гэта таксама простая, канкрэтная, адназначная і дакладная.

Ёсць некалькі спосабаў, якія, мы выбіраем, і якія ўскладняюць нашу споведзь. Я маю на ўвазе розныя спосабы вызнавання грахоў, якія могуць так азмрочыць сітуацыю, што святар нічога не зразумее, і ў той жа час, мы можам з упэўненасцю сказаць, што мы нічога не ўтаілі.

Наступныя прыклады паказваюць тыпы, а не канкрэтныя споведзі. У кожнага з нас ёсць «шанец», выбраць сабе адзін з гэтых тыпаў, каб зрабіць сваю споведзь змарнаванай. Варта не карыстацца мадэлямі, якія апісаны ніжэй, бо апісаны для таго, каб пазбегнуць іх.

Споведзь «Вельмі кароткая»

Такая споведзь больш падобная да сапраўднай шчырай споведзі. Гэта споведзь кароткая, канкрэтная, з важных рэчаў, без непатрэбнага эксгібіцыянізму і псіхалагізавання. Праблема заключаецца ў тым, што яна з’яўляецца формай споведзі, дзе мы ўтойваем добра вядомыя нам больш глыбокія падставы і, што не менш важна, большае значэнне і цяжар грахоў, якія мы вызнаём.

Вы можаце проста прызнацца: «Шмат выпіў, сварыўся з жонкай, мала маліўся». Горш, калі «шмат выпіў» азначае развіццё алкагалізму, «сварыўся з жонкай» так сапраўды насілле і пабоі ў сям’і, і «мала маліўся» азначае, што ў апошні раз быў на святой Імшы на Вялікдзень, а ўжо Божае Нараджэнне. Такім чынам, спавядаючыся, здавалася б, проста і канкрэтна, імітуем шчырую споведзь, а святар так і не зразумее, што адбываецца на самай справе ў словах, якія мы прамаўляем.

Споведзь «Псіхалагічная»

Такая споведзь выкарыстоўвае важны сітуацыйны кантэкст дадзенага граху не дзеля таго, каб зразумець гэты грэх, а каб не паказваць яго. Буду спавядацца прыкладна так: «У мяне цяпер такія цяжкія часы. Я перагружаны працай. У мяне праблемы з … і г. д. ». Увесь гэты уступ толькі для таго, каб схаваць свой грэх і паказаць, што я сапраўды ахвяра абставінаў, а не звычайны няверны муж, падманшчык, злодзей.

Вядома, кантэкст граху вельмі часта з’яўляецца важным. Але бывае, што ў кантэксце мы прабуем схаваць або апраўдаць грэх. І калі святар скажа, што я тут зграшыў ‒ я вырашу, што ён не разумее тонкасці маёй псіхікі і маёй сітуацыі.

Споведзь як «Суседска-сямейная хроніка»

Бывае, што мы спавядаемся, не гаворачы ніводнага свайго граху. Калі, напрыклад, у нас на сумленні сямейны канфлікт, здараецца, што мы спавядаемся з грахоў сваіх родных, з іх ляноты, або інфантыльнай рэлігійнасці нашых бабуль і дзядуль.

Магчыма, нават грахі людзей, пра якія мы гаворым на споведзі, з’яўляюцца самымі рэальнымі, але гэта не нашыя грахі, а святар можа прабачыць толькі нашыя ўласныя. Споведзь як «сямейна-суседская хроніка» заклікана схаваць нашыя грахі пад грахамі іншых людзей і такім чынам грашым супраць умовы споведзі, якой з’яўляецца «шчырасць».

Споведзь «Дапытлівая»

Такая мадэль споведзі дазваляе нам хаваць грахі пад нашымі інтэлектуальнымі сумненнямі і незразуменнямі маральных праўд веры Касцёла. Мы прыходзім да спавядальні і кажам: «Я ў прынцыпе не разумею і не згодны з вучэннем Касцёла пра кантрацэпцыю». Вядома, мне нават не трэба казаць, што я ёй рэгулярна карыстаюся, таму што для мяне гэта відавочна. Калі я чагосьці не разумею, я не абавязаны гэтага прытрымлівацца. І калі б толькі ў спаведніка быў час, ён, верагодна, растлумачыў бы, што гэта такое, але, магчыма, набліжаюцца святы, стаіць яшчэ чарга да споведзі.

Варта было б спачатку знайсці кампетэнтную асобу, якая магла б нам растлумачыць незразумелыя для нас рэчы. Разлічваць на тое, што святар на споведзі стане выкладчыкам маральнай тэалогіі можа здацца слабой ідэяй. І акрамя таго, існуе такая рэч, як невуцтва, ігнаранцыя. Улічваючы магчымасці, якія даюць нам сёння кнігі і інтэрнэт, здаецца, што ў гэтым невуцтве вінаватыя мы самі і гэта нашая віна.

Споведзь «Недамоўленая»

Бывае і так, што мы вызнаем свае грахі, у якіх наогул не збіраемся нічога мяняць, але пра гэта мы не гаворым. Я расказваю свае грахі і заканчваю споведзь формулай: «Больш грахоў не памятаю, за ўсе грахі шчыра шкадую і абяцаю паправіцца». Споведзь, пасля якой няма ніводнай паправы і працы над сабой грашыць супраць шчырасці.

Вядома, ёсць грахі, у якіх нельга чакаць неадкладнага паляпшэння. Гэта ўсё грахі, звязаныя з залежнасцямі ‒ тады наша воля хворая. Калі хтосьці прызнаецца ў звыклым курэнні цыгарэт, то можа немагчыма, каб чалавек які з гэтага спавядаецца пасля споведзі адразу кінуў курыць, але можа паспрабаваць папрацаваць над гэтым, напрыклад абмяжоўваць курэнне, шукаць дапамогі ў прафесіяналаў і г.д.

Пачаць ад навяртання

Можна назваць яшчэ шмат спосабаў, якія мы выкарыстоўваем, каб пазбегнуць шчырай споведзі. Аднак наша мэта не ствараць каталог. Больш важна зразумець, што мы часта можам хаваць свае грахі не прамым утойваннем, а праз спосаб споведзі ‒ альбо ў недаказанасці, альбо ў легкадумным разуменні слоў, якія змяшчаюцца ў формуле споведзі.

Праблема такіх споведзяў у тым, што яны больш губяць, чым выхоўваюць нашае сумленне. Парада тут простая. Маючы салідную падрыхтоўку ў разуменні маральнага вучэння Касцёла, зрабіць добры рахунак сумлення. Далей шчыра спавядацца, гэта значыць проста, ясна, не двузначна, і толькі са сваіх уласных грахоў, ведаючы, што гэты сакрамэнт не толькі дае магчымасць і сілу да навяртання, але таксама вымагае навяртання.

С. Ганна Мізавец SJE, waladarka.by

для друку для друку