Госцем дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі ў Браславе стане а. Даніэль Анж з Францыі

А. Даніэль Анж

А. Даніэль Анж, нарадзіўся ў 1932 г. у Брусэлі. У 17 гадоў Даніэль Анж стаў манахам бенедыктынскага манастыра. Ён працаваў у шпіталях Льежа і Лівана, 12 гадоў жыў у маленькай манаскай супольнасці на выспе пасярод возера ў Руандзе, потым, вярнуўшыся ў Еўропу, 7 гадоў вёў пустэльніцкае жыццё ў гарах на поўдні Францыі, пасучы авечак. Скончыўшы пустэльніцкае жыццё, ён пачаў прапаведаваць Евангелле, пераважна моладзі.

У 1984 г. заснаваў першую Французскую каталіцкую школу малітвы, евангелізацыйны рух для моладзі «Jeunesse Lumiere» (Моладзь – Святло), дзе моладзь далучаецца да вопыту супольнага жыцця і місіянерскай дзейнасці.

У гэтай школе кожны год вучыцца каля трыццаці юнакоў і дзяўчат з самых розных краін (Францыі, Канады, Таіці, Тайланда, Расіі). Школа размешчана на поўдні Францыі, удалечыні ад гарадоў. Жыццё ў школе — малітва, вучоба, брацкія зносіны — змяняецца паездкамі на місіі па Францыі і ў іншыя краіны, дзе маладыя людзі сведчаць аб сваёй веры ў школах, шпіталях, вязніцах, а часам — проста на вуліцы.

Нагадаем, што дыяцэзіяльная сустрэча моладзі пройдзе з 23 па 25 ліпеня 2018 года.

Кс. Алег Хмылко, адказны за душпастырства моладзі ў Віцебскай дыяцэзіі

для друку для друку