Гора. Як дапамагчы?

Сёння паразмаўляем пра перажыванне страты. Як дапамагчы чалавеку ў горы? Як распавесці дзецям пра смерць у сямʼі?

Тэма з няпростых. Перад тым, як распачаць, усё хадзіла вакол, не магла падступіцца. Складана размаўляць з чалавекам, які страціў самае дарагое. Пры гэтым быць не навязлівым, не задавольваць сваю цікаўнасць, не абясцэньваць страту, не даваць парадаў. Быць цёплым, падтрымліваць, здольным слухаць (часам доўга, адно і тое ж) і быць побач.

Паспрабуем паглядзець на гэту тэму з розных ракурсаў.

Што перажывае сямʼя, якая страціла роднага? Безумоўна, шок, жах, боль, роспач, бездапаможнасць. Вельмі часта да гэтага набору дадаецца пачуццё віны (што не выратавалі, не былі побач, рэдка бачыліся і г.д.).

А яшчэ, як ні дзіўна, сорам. Людзі бянтэжацца ад чужых позіркаў ды хаваюцца ў сваіх дамах (ці ў сабе) ад роспытаў. Самі ж сябе мучаюць пытаннямі: “Як такое магло здарыцца з намі? Чаму гэта адбылося са мной? Чаму ніхто не разумее, як мне дрэнна? Калі ўсё скончыцца?”

Адначасова з гэтым сямʼя пачынае разʼядноўвацца. Людзі часта не ўмеюць падзяляць боль і баяцца сутыкацца з моцнымі пачуццямі.

Бацькі, якія страцілі дзіця, могуць сварыцца і аддаляцца адно ад аднога не таму што ў іх знікаюць пачуцці, а таму што яны думаюць: сужэнец не так востра перажывае здарэнне. Баяцца, што надакучаць сваім ныццём. Гэтыя трывогі могуць быць далёкімі ад рэальнасці, бо блізкі чалавек, хутчэй за ўсё, перажывае нешта падобнае. Такім чынам, людзі адчуваюць сябе самотнымі і пакінутымі ў найбольш складаны перыяд свайго жыцця.

З дзецьмі сітуацыя не лепшая. Некаторыя бацькі прымаюць рашэнне не распавядаць малым пра няшчасце, іншыя тлумачаць пра “адыход”, анёлаў і апекуна на Небе. Але далей намагаюцца не ўзгадваць пра памерлага, аберагаючы дзяцей ад суму, а сябе ад балючых успамінаў.

На жаль, такі выбар вядзе да адваротных вынікаў: у сям’і з’яўляецца табуяваная тэма, дзеці адчуваюць напружанне, крыніцы якога не разумеюць, бачаць сумных і нервовых бацькоў і шукаюць магчымасці, як дапамагчы, бо прымаюць сябе за прычыну няшчасця бацькі і маці.

Я рэкамендую найперш шчыра і адкрыта размаўляць са сваімі блізкімі, і асабліва з тымі, хто разам з вамі перажывае страту. Паспрабуйце падзяліцца з роднымі сваімі пачуццямі, страхамі, трывогамі. Паслухайце, як яны пераносяць тое, што адбылося. Дамоўцеся падтрымліваць адно аднаго і не баяцца браць перапынак, калі стоміцеся ад гэтага.

Дзецям варта распавядаць пра смерць роднага. Яны ўсё адно адчуваюць, што ў сямʼі нешта адбываецца. Будзе лепш, калі яны пачуюць усё ад блізкіх людзей, той мовай, якой ім будзе зразумела. Стварыце для дзетак атмасферу, у якой яны змогуць задаваць пытанні, спакойна знаёміцца з важнай і непазбежнай часткай жыцця – смерцю.

Стварыце ўласныя рытуалы: наведванне могілак, сумесныя малітвы за памерлага, прагляды здымкаў. Не бойцеся праяўляць сум пры сваіх дзецях і вучыць іх не баяцца складаных эмоцыяў.

Зрэшты, усім будзе прасцей перажыць гора, калі можна пра яго размаўляць. Наша псіхіка мае такую асаблівасць, што чым больш прагаворваць тое, што нам баліць, тым хутчэй боль “перапрацоўваецца’’ і праходзіць. Таму тактыка перажываць моўчкі, занурыцца ў працу ці адцягваць увагу чым заўгодна, хутчэй, нашкодзіць, прывядзе да “захрасання” болю ўнутры.

Тым жа з нас, каму даводзіцца сутыкацца з чужым горам, трэба памятаць: нам таксама не проста. Мы сутыкаемся з уласнай бездапаможнасцю. Мы не разумеем, як дапамагчы, як не быць лішнімі, навязлівымі і адначасова не пакідаць чалавека ў бядзе.

Думаю, лепш за ўсе быць шчырымі, сказаць пра сваю збянтэжанасць, спытаць, што мы можам зрабіць і прапанаваць сваю дапамогу.

Часцей за ўсё (як я пісала вышэй) нам будуць удзячныя за магчымасць проста паразмаўляць пра здарэнне.

Калі ласка, не абясцэньвайце гора парадамі кшталту: “Не сумуй!”, “Жыві далей!”, “Што ж ты так перажываеш?” Проста пабудзьце побач з бліжнім у яго горы.

Дзякуй за ўвагу!

Таццяна Палхоўская, псіхолаг

для друку для друку